Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі

Пад канец верасня беларускія кардыяхірургі ўпершыню правялі аперацыю па паўторнай перасадцы сэрца. Навінам пра іх поспехі мы даўно не здзіўляемся: трансплантацыі сэрца ў нашай краіне робяцца ўжо амаль дзесяць гадоў. За гэты час праз РНПЦ “Кардыялогія” прайшло больш за трыста пацыентаў.

Еўрарадыё знайшло траіх з іх — шчасліўчыкаў, у чыіх грудзях б’юцца новыя сэрцы, і паслухала гісторыі іх болю і надзеі.

 

Аляксандр Антановіч, 30 гадоў, Пінск. З новым сэрцам жыве 2,5 года

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі

Калі Аляксандру Антановічу было 15 гадоў, у яго жыцці ўключыўся страшны зваротны адлік. Спачатку ад хваробы сэрца памерла маці. Праз пяць гадоў не стала бацькі, прычына тая ж. Потым адышлі ў лепшы свет два старэйшыя браты.

Іх хваробу ў народзе называлі “бычынае сэрца”, а ў медыцыне яна называецца кардыёмегалія. Сутнасць у тым, што сэрца паступова павялічваецца ў памерах, і ў выніку разрываецца ад ціску.

У 25 гадоў у Аляксандра з'явілася задышка. Пасля УГД сэрца апынулася, што ў яго тая ж хвароба, як у памерлых блізкіх. Хлопцу зрабілі пластыку клапана, але павелічэнне сэрца працягвалася. Ён не мог ляжаць — задыхаўся. Адзіным выйсцем стала перасадка.

У снежні 2015 года Антановіча ўключылі ў ліст чакання. Так, донара для перасадкі сэрца часам даводзіцца чакаць не адзін месяц, тым больш з рэдкай, чацвёртай групай крыві! Але Аляксандру пашанцавала: ужо 2 студзеня 2016 года яму пазванілі і паведамілі, што прадбачыцца донарскае сэрца. Уначы на 4 студзеня цягам 12 гадзін яму рабілі трансплантацыю. Аперыраваў кардыёхірург Сяргей Спірыдонаў.

“Ведаю, што мой донар загінуў у буйной аварыі. Але хто гэта, мужчына ці жанчына, не ўдакладняў, мне не цікава. Пра што тут думаць? Калі чалавека ўжо не выратаваць, чаму яго органы не выкарыстаць для жыцця іншага?” — разважае Аляксандр.

“Не змяніўся. Не заўважаю, што нешта са мной не так”

“Спачатку арганізм не прымаў новае сэрца. 12 дзён я праляжаў у рэанімацыі. Не праслухоўваўся сардэчны рытм. Яго ўзнавілі, але на ўсялякі выпадак паставілі кардыёстымулятар. Балелі суставы, круціла ногі, калені.

Была дэпрэсія — як увогуле буду жыць далей? Раней я быў моцным... [Аляксандр працаваў аўтаслесарам на грузавым мантажы, займаўся цяжкай атлетыкай. — Еўрарадыё], а тут першыя паўгода нельга кантактаваць з людзьмі, трэба хадзіць у масцы... Мяне даглядала жонка. Пазней мы разышліся, але хвароба тут ні пры чым. Цяпер сустракаюся з Нэлай. Яна медык, і ведае, што перасаджанае сэрца — гэта не страшна.

Праца з фізічнымі нагрузкамі адназначна супрацьпаказаная, аднак адкрыў ІП — здаю кватэры на суткі, бо сядзець, склаўшы рукі, не магу.

Два з паловай гады прайшло, я аднавіўся. Не змяніўся, такім жа і застаўся. Не заўважаю, што нешта са мной не так. Разумею, што мне выпаў шанец жыць, і жыву. Не ведаю, колькі гэта працягнецца, але і любы чалавек са сваім уласным сэрцам не ведае, колькі яму адпушчана”.

 

Зоя Саўрыцкая, 55 гадоў, Мінск. З новым сэрцам жыве 7,5 года

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі
Фота з прыватнага архіву Зоі Саўрыцкай

У 1986 годзе як медработнік патрапіла ў Чарнобыль. Праз год выявілі захворванне сэрца — унутры расла пухліна. У 2011 годзе сэрца спынілася.

“Дэфібрылятар, які прымянялі разоў 15, і сама хвароба выбілі мяне з нармальнага жыцця. Але я была вельмі спакойнай. Калі мужу ўвечары пазванілі, маўляў, прывозьце раніцай на трансплантацыю, — ён пабялеў. А я лягла спаць, і заснула”, — распавядае Зоя Пятроўна.

 

“Сваякам давалі 99,9%, што не выжыву. Але мне пашанцавала”

Пасля трансплантацыі (яе рабіў прафесар Юрый Астроўскі) перанесла яшчэ пяць аперацый. Толькі пачну хадзіць — аперацыя. Мая грудная клетка адкрывалася некалькі разоў. 26 траўня мне зрабілі першую аперацыю, 30 чэрвеня — апошнюю. Сваякам далі 99,9%, што не выжыву. Але мне пашанцавала. У сярэдзіне жніўня [2011 года] перавялі з рэанімацыі ў аддзяленне.

Не адчуваю, што ў мяне чужое сэрца. Адзінае, магчыма, характар змяніўся — стала больш настойлівай. Але ці ад новага сэрца гэта? Больш схіляюся да думкі, што гэта адбылося праз тыя выпрабаванні, якія перанесла.

Аднойчы было адчуванне, калі руку на нагу паклала, што мышца ў назе мужчынская. Гэта цягнулася некалькі секунд і больш не паўтаралася. Я глядзела перадачу, дзе паказвалі балерыну, якая пасля перасадкі стала ездзіць на матацыкле і мацюкацца. Але ў маім выпадку — была я і ёсць я.

Ведаю, што маім донарам быў мужчына. Прыходжу ў царкву і стаўлю свечку за таго чалавека, чыё сэрца б'ецца ў мяне ў грудзях. Чула гісторыі, што людзі слухалі сэрцы сваіх сваякоў праз фанендаскоп, але не ўяўляю, як бы я да такога паставілася... Паверце, мужчынскае сэрца нічым не адрозніваецца ад жаночага.

Сваё ўласнае сэрца бачыла ў разрэзе на фотаздымку. У ім велізарная пухліна тры на чатыры сантыметры. Кажуць, як я ўвогуле з ім жыла? Жыла і жыла, і так 24 гады!

Раней я вязала, а цяпер вырошчваю кветкі. Калі ногі не баляць — бяром з мужам палкі і ідзём скандынаўскай хадзьбой... У мяне звычайнае, нічым не прыкметнае жыццё. Але галоўнае, што жыццё. Я не задумваюся, калі маё сэрца спыніцца. У кішэні заўсёды ляжыць эпікрыз, дзе напісана, што я пасля перасадкі”.

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі
"Таблетніца", якую заўсёды носіць з сабой Зоя Саўрыцкая. Яна мусіць ужываць лекі строга па графіку.

“Мы ж падоследныя трускі. Я жыву, і жыву. Але які гэта досвед для дактароў!”

“Цяпер больш непакоіць нага. А сэрца… Стукае і стукае. Дзякуй богу. Нядаўна зрабілі УГД і кардыяграму. Ёсць пытанні і па гэтым сэрцы. Але можна жыць. З узростам у любога чалавека ўзнікаюць праблемы з сэрцам. Хоць маё сэрца і перасаджанае, але яно такое ж, як і любое іншае. Зрэшты, робяць і паўторныя перасадкі. Таму ёсць надзея, калі што.

Мы ж паддоследныя трускі. Я жыву, і жыву. Але які гэта досвед для дактароў! Медыцына развіваецца, статыстыка вядзецца. Сёння на мне паспрабавалі нешта зрабіць, значыць, заўтра гэта яшчэ некаму дапаможа”.

 

Гіоргі Саркісові, 34 гады, Тбілісі. З новым сэрцам жыве чатыры гады

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі

У Гіоргі была дзяўчына, якая працавала ў грузінскім парламенце. Калі яна даведалася пра яго хваробу, адразу пачала збіраць грошы на аперацыю, хаця мужчына быў супраць.

Людзі пералічылі 65 тысяч долараў, яшчэ 70 тысяч дала дзяржава. Калі Гіоргі прыехаў у Мінск на перасадку, яго сэрца працавала толькі на сем адсоткаў.

Донарам стаў байкер, які разбіўся на матацыкле ў свой дзень нараджэння

“Яму было 38 гадоў. Прапаноўвалі паказаць яго фота — адмовіўся, потым усё жыццё будзе сніцца. Раней я вельмі любіў матацыклы, але прастудзіўся аднойчы, і перастаў ездзіць…

Пасля аперацыі вярнуўся дадому, глядзеў на сябе з боку, і мне падавалася, што гэта не я. У мяне стаў іншы характар. Сябры таксама пра гэта кажуць. Не ведаю, ці ад сэрца гэта, ці ад лекаў, але нешта ёсць.

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі
Гіоргі з Кэці — год таму 13-гадовай грузінцы таксама перасадзілі сэрца ў Беларусі

У кожнай грузінскай клініцы ёсць мой нумар тэлефона

Я апякуюся грузінамі, якім неабходная перасадка сэрца. У кожнай клініцы ёсць мой нумар тэлефона, яго даюць усім, хто мае патрэбу ў трансплантацыі. Я адпраўляю аналізы ў Мінск, размаўляю з дактарамі. Раблю гэта бясплатна. Мне самому дапамаглі людзі. Як я магу браць цяпер грошы з тых жа людзей?

У мяне ў Грузіі ёсць дом. Збіраюся яго прадаць і набыць жыллё ў Мінску. Мне тут вельмі падабаецца. Я не ведаю, калі будзе наступная перасадка сэрца. Гарантыя на сэрца — да 25 гадоў. Таму хачу атрымаць тут від на жыхарства і бясплатна зрабіць наступную перасадку. Я заўсёды гляджу наперад. Буду жыць месяц у Грузіі — есці хінкалі, месяц у Беларусі — есці дранікі".

 

Часам мужчыне перасаджваюць жаночае сэрца, і наадварот

У РНПЦ “Кардыялогія” аперацыі па трансплантацыі сэрца — звычайная з’ява. Перасадкі могуць рабіцца некалькім пацыентам адначасова.

“Не так даўно, напрыклад, было такое. Жанчына атрымала новае мужчынскае сэрца, а мужчына — жаночае, — распавядае кардыёхірург Сяргей Спірыдонаў. — Але ў яго выпадку дактары пайшлі на рызыку: рэцыпіенту заставалася жыць не доўга, ён меў вялікую масу цела і рэдкую трэцюю групу крыві. Дачакацца донара, які падыходзіць — нерэальна. Таму спецыялісты зрабілі рознагрупную трансплантацыю: донарам стала жанчына з першай групай крыві і меншай масай цела. Аперацыя прайшла паспяхова, аднак шлях да выздараўлення ў такога хворага доўгі і складаны”.

Пры перасадцы сэрца ўрачы не імкнуцца адмыслова рабіць разнаполую перасадку. Жанчыны, як правіла, важаць менш, чым мужчыны. Ёсць высокая верагоднасць таго, што жаночае сэрца не перакачае аб’ём крыві пры вялікай масе цела мужчыны. А вось мужчынскае сэрца перасаджваць жанчыне — надзейны варыянт.

Як жывуць людзі з перасаджаным сэрцам. Тры гісторыі з Беларусі і не толькі

У ліст чакання хворы трапляе толькі ў выпадку, калі прагназуемая працягласць жыцця — год-паўтара. Як толькі з’яўляецца донар, які падыходзіць, у ідэале, у яго павінна быць такая ж група крыві, маса цела, пол, як у рэцыпіента, сэрца, не старэйшае за 50 гадоў, і імуналагічная сумяшчальнасць з хворым, — робіцца аперацыя па трансплантацыі.

Донар — гэта пацыент, у якога загінула кара галаўнога мозга. Яго жыццёвыя функцыі падтрымліваюцца з дапамогай ШВЛ і праз увядзенне кардыётанічных прэпаратаў. Гэты працэс называецца кандыцыянаванне донара.

Усе рэцыпіенты, калі знаходзяцца на абследаванні, здаюць аналізы, якія знаходзяцца ў адмысловай базе даных. Пасля таго, як донар падабраны, праводзіцца крос-мач-тэст на імуналагічную сумяшчальнасць. Калі канфлікту няма, праходзіць аперацыя па трансплантацыі.

Калі чалавек не хоча быць донарам, ён рэгіструецца ў базе даных. У РНПЦ “Кардыялогія” звяраюць даныя патэнцыйнага донара з базай даных, і высвятляюць, ці пісаў такі чалавек заяву аб адмове. Калі не, пачынаецца працэс кандыцыянавання.

 

Часам пацыенты кідаюцца ва ўсе цяжкія

Не ўсе хворыя, якія стаць у лісце чакання, гатовыя выкарыстаць другі шанец на жыццё. Ёсць тыя, хто панікуе і просіць пачакаць. Некаторыя падчас чакання падхопліваюць інфекцыю — гэта можа быць звычайная ВРВІ, але пры ёй аперацыя супрацьпаказаная.

У першы год пасля аперацыі рэцыпіенты павінны строга выконваць рэкамендацыі кардыёлагаў, пазбягаць людных месцаў, хадзіць у масцы, прымаць імунасупрэсіўныя прэпараты, якія выдаюцца бясплатна і перашкаджаюць непрыняццю арганізмам новага сэрца. Аднак часам пацыенты так рады выздараўленню, што кідаюцца ва ўсе цяжкія, забываючы пра парады дактароў.

“У мяне быў 55-гадовы пацыент, якасць жыцця якога пасля аперацыі вельмі палепшылася. Ён адразу пачаў хадзіць у лазню, наведваць сяброў, выпіваць. Вось так бегаў, а потым мне пазванілі з раённай бальніцы, што ёсць у іх такі хворы. На жаль, ён на наступны дзень памёр. Бо калі чалавек знаходзіцца на імунасупрэсіі і ў арганізм трапляе вірулентная інфекцыя, ён літаральна згарае”, — распавядае Сяргей Спірыдонаў.

У навукоўцаў няма даных, што новае сэрца ўплывае на характар рэцыпіентаў. Чалавека, перакананы Спірыдонаў, змяняюць перш за ўсё абставіны:

“Натуральна, што псіхалогія пацыентаў, якія прайшлі трансплантацыю, змяняецца. Адна справа, калі чалавек не выходзіў з дому і якасць яго жыцця была практычна на нулі, ён не мог сябе абслугоўваць, у яго была пастаянная задышка, і чалавек разумеў, што яго канец блізкі. Іншая — калі пасля перасадкі ён адразу ж пачынае сябе адчуваць лепш. Зразумела, светаадчуванне робіцца іншым. Калі чалавек з інтэлектам, калі ён разумее цэннасць свайго жыцця, ён змяняе і сваё стаўленне да жыцця. Ён пачынае ўсведамляць, што жыццё — гэта галоўная каштоўнасць”.

 

Беларусь займае 24-е месца ў свеце па колькасці трансплантацый

Наша краіна апярэджвае Вялікабрытанію, Канаду, Аўстралію. У 2017 годзе спецыялісты трансплантавалі 39 сэрцаў. Перавага ў чарзе на новае сэрца аддаецца беларусам: замежнікам было зроблена толькі 11 аперацый.

На дыспансерным уліку вясной 2017 года знаходзілася 167 беларусаў, якія прайшлі трансплантацыю сэрца. З іх — усяго 19 жанчын і 148 мужчын. Сярод іх ёсць тыя, хто жыве з новым сэрцам і па сем, і па восем гадоў.

Знакаміты амерыканскі мільярдэр Дэвід Ракфелер перанёс сем перасадак сэрца. Цяпер і беларускія кардыёхірургі маюць досвед рэтрансплантацыі: паступова харчаванне трансплантаванага сэрца пагаршаецца, і рана ці позна такія пацыенты патрабуюць новай перасадкі. У любым выпадку, мяркуе Сяргей Спірыдонаў, з кожным годам якасць жыцця рэцыпіентаў паляпшаецца, бо медыцына ідзе наперад.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі