Вы тут

У школах не дазволяць затрымлівацца больш як на паўгадзіны пасля ўрокаў

БЕЛТА

11 сакавіка міністр адукацыі Ігар Карпенка падпісаў загад, паведамляе TUT.by. Гэты дакумент зацвердзіў прыкладную інструкцыю аб арганізацыі прапускнога рэжыму і абмежаваў выкарыстанне мабільнікаў падчас заняткаў і перапынкаў. Нядаўна загад быў разасланы па школах Беларусі.

Цяпер трапіць у будынак школы можна будзе не раней як за 30 хвілін да пачатку заняткаў. Заканчваецца досту у школу праз 30 хвілін пасля ўрокаў. Гэтая мера закране як супрацоўнікаў, так і вучняў ды іх бацькоў. У непрацоўны час работнікі школы змогуць трапіць у яе толькі на падставе дакладной запіскі намесніка дырэктара.

Кругласутачна трапіць у будынак школы змогуць толькі яе дырэктар, намеснік па гаспадарчай рабоце, вартаўнікі і вахцёры, а таксама супрацоўнікі арганізацый, якія абслугоўваюць школу ў аварыйных сітуацыях.

Інструкцыя зацвярджае, што наведвальнікі школы абавязкова павінныя паказваць дакументы, якія сведчаць іх асобу. Пасля гэтага вартаўнік або вахцёр абавязкова рэгіструе іх візіт і яго мэту.

Службовы транспарт на тэрыторыю школы будуць прапускаць толькі з таварнай накладной або пуцявым лістом. Асабісты транспарт на тэрыторыю школы прапускаець не дазваляецца.

Раней паведамлялася, што ў школах могуць з'явіцца ахоўнікі, а вучням забароняць карыстацца мабільнікамі падчас заняткаў. Мяркуецца, што карыстацца імі можна будзе да і пасля ўсіх заняткаў. Для тэлефонаў абсталююць спецыяльныя месцы.

Таксама ў інструкцыі змешчаны пералік рэчаў і прадметаў, якія забаронена захоўваць і выкарыстоўваць у школе. У іх ліку называюцца алкаголь, цыгарэты, у тым ліку электронныя, агнястрэльная і газавая зброя, боепрыпасы ці выбуховыя рэчывы, а таксама іх муляжы, халодная зброя (і муляжы), хімічныя і атрутныя рэчывы, запалкі, запальніцы, наркатычныя сродкі, прылады для азартных гульняў ды іншыя.