У школьным харчаванні будуць больш выкарыстоўваць паўфабрыкаты
Сталоўка, ілюстрацыйнае фота
У школьным харчаванні будзе пашыранае выкарыстанне паўфабрыкатаў. Пра гэта вырашылі на працоўнай нарадзе 29 красавіка з удзелам прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына.
Прэс-служба ўрада заяўляе, што "галоўная задача — школьнае харчаванне павінна быць здаровым і смачным, а праца школьных сталовых — эфектыўнай".
Плануецца зрабіць аднолькавым харчаванне школьнікаў, якія навучаюцца і ў першую, і ў другую змену. Нормы харчавання мяркуецца вызначыць для трох узроставых груп — 1-4 класы, 5-7 класы, 8-11 класы (цяпер разбіўка ідзе па дзвюх узроставых групах — 6-10 гадоў і 11-18 гадоў).
Цягам апошніх гадоў у СМІ паведамлялася пра некалькі выпадкаў харчовых атручванняў у школах. Напрыклад, у студзені 2024-га сімптомы кішэчнай інфекцыі выявілі ў прыкладна 30 вучняў гродзенскай гімназіі №3. Прычынай стаў наравірус, які распаўсюдзіўся праз парушэнне гігіенічных правілаў супрацоўнікамі сталовай.