У Парыж не пусцяць беларускіх лёгкаатлетаў. Сабаленка і Азаранка — пад пытаннем

Арина Соболенко и Виктория Азаренко / J48tennis.net

Арина Соболенко и Виктория Азаренко / J48tennis.net / J48tennis.net

Лёгкаатлеты з Беларусі і Расіі не паедуць на Алімпіяду ў Парыжы нават у нейтральным статусе. Прычына — Сусветная лёгкаатлетычная асацыяцыя (World Athletics) пакінула ў сіле абмежаванні, уведзеныя для беларускіх і расійскіх спартсменаў.

8 снежня Міжнародны алімпійскі камітэт дапусціў удзел спартсменаў з краін-агрэсараў у Гульнях-2024, але рашэнне федэрацый па асобных відах спорту маюць прэярытэт перад Алімпійскім камітэтам.

"Магчыма, вы ўбачыце нейкіх нейтральных спартсменаў з Расіі і Беларусі ў Парыжы, але не ў лёгкай атлетыцы. Пазіцыя, якую занялі ў нашым відзе спорту і паслядоўна падтрымлівалі, застаецца нязменнай", — заявіў прэзідэнт World Athletics Себасцьян Коў.

Акрамя лёгкаатлетаў ёсць верагоднасць, што на Алімпіядзе ў Парыжы не выступяць і тытулаваныя беларускія тэнісісткі Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка. Уся справа ў нейтральным статусе, піша "Прэсбол":

"У правілах алімпійскай кваліфікацыі дакладна сказана, што сушукальнікі месцаў на Гульні павінны прадстаўляць менавіта краіну. Каб мець права выступаць на Алімпіядзе, тэнісісты павінны быць, мінімум, у дзвюх заяўках на турніры Кубка Дэвіса або Кубка Білі Джын Кінг за свае каманды ў прамежку паміж Токіа-2021 і Парыжам-2024. Прычым адзін з гэтых удзелаў абавязкова павінен выпадаць на 2023 ці 2024 гады. У Сабаленкі і Азаранкі падобных выступленняў у камандным фармаце па зразумелай прычыне няма ўвогуле. Нагадаем, што ў сакавіку 2022 года ITF адхіліла Беларусь ад усіх камандных фарматаў пад сваёй эгідай".

Хто з беларускіх спартоўцаў выступіць на Гульнях у Парыжы, пакуль не вядома. У любым выпадку, яны не ўбачаць на трыбунах сцягі сваёй краіны — ні дзяржаўны, ні нацыянальны бел-чырвона-белы. Да таго ж МАК так перастрахаваўся, што забараніў спартсменам упрыгожваць сябе любой дзяржаўнай сімволікай — ніякіх табе чырвона-зялёных стужачак у валасах і "патрыятычнага" манікюру. Як піша выданне "Трыбуна", "шаставічцы" Ірыне Жук, якая нядаўна паддалася парыву і пафарбавала пазногці зялёным і чырвоным, перад Парыжам манікюр давядзецца змыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі