Вы тут

У МУС Германіі расказалі, як выглядае схема "беларускага транзіту" мігрантаў

Да мяжы з Германіяй нелегалаў дастаўляюць грузавыя фуры / presseportal.de​

У выніку апытанняў нелегалаў у нямецкіх праваахоўных органаў склалася дастаткова дакладнае ўяўленне пра тое, як менавіта працуе "беларускі транзіт", паведамляе Deutsche Welle.

Уцекачы прыбываюць у Беларусь па паветры — у іх памежныя штампы, пастаўленыя ў мінскім аэрапорце, і часта ёсць 30-дзённая віза. Перад ад'ездам "кліент" загадзя пераводзіць ад 4 да 12 тысяч долараў на дэпазітны рахунак. 

У Мінску, у залежнасці ад набытага пакета паслуг, "турыста" альбо адвозяць у гатэль, альбо адпраўляюць у залу чакання. Калі набіраецца група, адвозяць да заходняй мяжы. 

Ужо на польскім баку ўцекачы з дапамогай геалакацыі ў смартфоне вызначаюць месцазнаходжанне чалавека, які павязе іх далей на захад. На грузавым фургоне Fiat Ducato або Renault Master, у кузаў якога набіваецца па 30-40 чалавек, бежанцаў вязуць да мяжы з Германіяй. 

Апошні этап — польска-нямецкая мяжа. Яе пераходзяць і пешшу, і на таксі, і на грамадскім транспарце. Напрыклад, на 983-м аўтобусе, які ходзіць з польскага Слубіцэ ў нямецкі Франкфурт-на-Одэры. 

Ужо на нямецкім баку ўцекачы робяць сэлфі ў якасці доказу паспяховага прыбыцця ў Германію. Толькі пасля гэтага арганізатар "падарожжа" атрымлівае грошы з таго самага дэпазітнага рахунку.

Паводле звестак Федэральнага ведамства па справах міграцыі і бежанцаў Германіі, з пачатку года гэтым маршрутам у Германію прыбыло ўжо звыш 6 тысяч шукальнікаў прытулку, прычым больш за 5,5 тысяч — пачынаючы са жніўня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.