Польшча яшчэ на год падоўжыла "замарозку" разгляду справаў па ДНЖ

Варшава, ілюстрацыйнае фота

Варшава, ілюстрацыйнае фота / Unsplash

Польшча чарговы раз працягнула "замарозку" тэрмінаў разгляду справаў аб ДНЖ.

Першапачаткова яна мусіла завяршыцца ў сакавіку 2026 года, але цяпер яе падоўжылі да 4 сакавіка 2027 года.

"Замарозка" не азначае, што дзяржаўныя органы спыняюць прыём заяваў і не разглядаюць іх. Яны па-ранейшаму прымаюць і разглядаюць заявы, але могуць не выконваць стандартныя тэрміны іх апрацоўкі, вызначаныя адміністрацыйным заканадаўствам.

Гэтае рашэнне датычыць разгляду заяваў на:
дазвол на часовае пражыванне (karta czasowego pobytu);
дазвол на пастаяннае пражыванне (pobyt stały);
статус доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС.

Цяпер просьбіты не маюць магчымасці падаваць скаргі на бяздзейнасць або звяртацца ў суд за працяглае чаканне рашэння. Чыноўнікі не нясуць адказнасці за перавышэнне стандартных тэрмінаў.

Мера была ўведзеная ў сувязі з вялікім наплывам замежнікаў — асабліва з Украіны.

Мінулай восенню таксама былі прыпыненыя тэрміны разгляду спраў аб наданні міжнароднай абароны. Цяпер рашэнні зноў будуць прымацца ў стандартныя тэрміны — да 6 месяцаў з магчымасцю падаўжэння да 15 месяцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.