Польшча дала міжнародную абарону 17 палітвязням, вызваленым у снежні 2025-га

Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы

Упраўленне па справах замежнікаў у Польшчы / прэс-служба АПК

Польшча дала статус міжнароднай абароны 17 беларускім палітвязням, вызваленым у снежні 2025-га. Пра гэта кіраўнік польскага Упраўлення па справах замежнікаў Томаш Цытрыновіч паведаміў падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел кіраўнік прававой камісіі Каардынацыйнай рады Міхаіл Кірылюк і прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская, паведамляе прэс-служба АПК.

Таксама Цытрыновіч заявіў, што прыкладаюцца намаганні, каб паскорыць легалізацыю іншых вызваленых палітвязняў, чые дакументы на дадзены момант разглядаюцца ва Упраўленні. Гаворка пра яшчэ 64 палітвязняў, вызваленых у снежні 2025-га і высланых на тэрыторыю Украіны. Яны прынялі рашэнне легалізавацца ў Польшчы.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася легалізацыя трох палітвязняў, высланых 19 сакавіка ў Літву ў групе з 15 чалавек. 21 сакавіка яны са згоды польскіх уладаў уехалі на тэрыторыю Польшчы для легалізацыі.

Акрамя таго падчас сустрэчы згадваліся праблемы з адкрыццём банкаўскіх рахункаў для грамадзян Беларусі ў Польшчы. 26 сакавіка ў Латушкі плануецца сустрэча з кіраўніцтвам Камісіі фінансавага нагляду Польшчы з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства фінансаў Польшчы. На ёй будуць шукаць шляхі выхаду з сітуацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.