Вы тут

У Маскве арыштавалі дачку беглага беларускага бізнэсоўца Вікторыю Авяр'янаву

Вікторыя Авяр'янава / Кадр з YouTube

У Маскве арыштавалі Вікторыю Авяр'янаву — гендырэктара ЗАТ "Інтэк", якое валодае папулярнымі клубамі ў Мінску. Яе плануюць экстрадаваць у Беларусь па абвінавачанні ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, піша газета "КоммерсантЪ".

Справу на Авяр'янаву пачаў Следчы камітэт Беларусі. У Расіі ўхіленне ад выплаты падаткаў не з'яўляецца арыштным. І дарэчы, сёлета ў чэрвені суд ужо адхіляў патрабаванне ўзяць прадпрымальніцу пад варту. Аднак гэтым разам яе адправілі ў СІЗА, хаця нічога новага, па словах абароны, у справе не з'явілася. 

Вікторыя — дачка беглага беларускага прадпрымальніка Юрыя Авяр'янава, уладальніка гандлёвага дома "Кальцо". Па просьбе Генпракуратуры Беларусі ён быў затрыманы ў Германіі для экстрадыцыі. Але потым яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, пакуль яго справу не разгледзіць нямецкі суд. 

Авяр'янава з'яўляецца гендырэктарам дзвюх кампаній — "Бістроф" (займаецца гандлем) і "Інтэк" (кіруе некалькімі сямейнымі рэстаранамі і клубамі — "Медысан", "Афрыкана", "Табу"). 

Паводле матэрыялаў Следчага камітэта ў перыяд з 2010 па 2015 год яна недаплаціла падаткі на агульную суму 890 тысяч рублёў. Адвакат Авяр'янавай адзначае, што ў запытах на выдачу не пазначана, пра якія рублі ідзе гаворка. Калі гэта недэнамінаваныя беларускія рублі (дэнамінацыя адбылася ў 2016-м), то ўхіленне можа складаць менш за 1 мільёна расійскіх. Такое злачынства ў Расіі не трапляе пад крымінальную адказнасць. У дадатак, у Расіі за падатковыя злачынствы нельга арыштоўваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.