У Латвіі анулявалі ліцэнзію расійскага незалежнага тэлеканала "Дождь". Такое рашэнне прыняў Нацыянальны савет па электронных СМІ пасля аналізу сітуацыі. Ён спасылаецца на ўлічаныя "меркаванні дзяржаўнай бяспекі", паведамляе delfi.lv.
Вяшчанне будзе спынена 8 снежня.
"Апошняй кропляй" стаў нядаўні скандал, калі вядоўца тэлеканала ў жывым эфіры занепакоіўся станам расійскіх вайскоўцаў на фронце ва Украіне. Пасля гэтага ў рэдакцыі заявілі, што вядоўцу звольнілі.
Тэлеканал "Дождь" спыніў сваю працу ў Расіі неўзабаве пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Яго сайт быў заблакаваны 1 сакавіка па патрабаванні Генпракуратуры РФ. Тэлеканал аднавіў працу летам, рэдакцыя пераехала ў Рыгу.