Беларуса асудзілі на 16 гадоў за падпал лакаматыва ў Расіі

Другі Заходні акруговы ваенны суд у Маскве

Другі Заходні акруговы ваенны суд у Маскве / yandex

Грамадзяніна Беларусі Іллю Аляшкевіча асудзілі на 16 гадоў калоніі па справе аб падпале чыгуначнага вагона, заўважыў “Белсат”. Справу разглядалі ў Другім Заходнім акруговым ваенным судзе ў Маскве. Іншы фігурант справы, грамадзянін Расіі Антон Бакланаў, пакараны 15-цю гадамі.

Справу кваліфікавалі як тэракт, здзейснены “у інтарэсах Украіны”.

Паводле версіі следства, маладыя людзі шукалі хуткі заробак і знайшлі ў Telegram прапанову аб працы ад чалавека, які, як сцвярджаецца, “падтрымліваў Украіну”.

Ім прапанавалі 120 тысяч расійскіх рублёў (каля 1200 еўра) за падпал аўтаматрысы на станцыі Быкава ў Маскоўскай вобласці. Для гэтага яны злілі бензін з аўтамабіля, пасля чаго Аляшкевіч разбіў шкло кабіны, заліў унутр паліва і падпаліў.

Бакланаў здымаў усё на тэлефон для справаздачы. Пры гэтым, як вынікае з матэрыялаў справы, за выкананае заданне Аляшкевіч атрымаў усяго 26 долараў.

Шкоду кампаніі “РЖДстрой” ацанілі ў 5,8 млн расійскіх рублёў.

Адвакаты настойвалі, што ў падсудных не было мэты дэстабілізаваць уладу або запалохаць насельніцтва. Падпал адбыўся ноччу, на тупіковым шляху, удалечыні ад людзей. Пажар патушылі за восем хвілін, ніхто не пацярпеў.

З іх слоў, версія пра “украінскі след” не пацвярджаецца ні перапіскамі, ні паказаннямі, ні матэрыяламі ФСБ.

Адвакат Алена Савельева заявіла, што маладыя людзі — сацыяльна ўразлівыя: адзін вырас у дзіцячым доме і жыў на вуліцы, другі сышоў з дому падлеткам. Яны шукалі падпрацоўку і адгукнуліся на аб'яву аб працы “спорцікам” у Telegram.

Абарона мае намер абскардзіць прысуд.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.