Вы тут

У Беларусі затрымалі таджыкскага апазіцыянера, яму пагражае экстрадыцыя

Фарход Адынаеў / tajinfo.org

Таджыкскага апазіцыянера Фархода Адынаева затрымалі ў Беларусі, перадае Радыё "Свабода" са спасылкай на праваабарончую арганізацыю Human Constanta.

Праваабаронцы кажуць, што Адынаева затрымалі па патрабаванні таджыкскіх уладаў. Яму пагражае экстрадыцыя ў Душанбэ. 

Юрыстка Human Constanta Наста Лойка паведаміла, што Адынаева затрымалі 25 верасня на КПП на беларуска-літоўскай мяжы. Улады Таджыкістана абвясцілі яго ў вышук па падазрэнні ў датычнасці да забароненай у краіне арганізацыі. 42-гадовы апазіцыянер быў сябрам Партыі ісламскага адраджэння Таджыкістана, дзейнасць якой была забароненая ў 2015 годзе.

Па словах Лойкі, цяпер Адынаеў знаходзіцца ў следчым ізалятары Смаргоні. "Мы адсочваем гэтую справу і спрабуем абараніць ягоныя правы, каб яго не катавалі. Мы занепакоеныя, каб яго не адправілі ў Расію. Таджыкістан з'яўляецца сябрам Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва і, магчыма, зможа ініцыяваць экстрадыцыю Адынаева. А гэта вялікая пагроза для апазіцыянера. Для нас вельмі важна, каб ён не ўтрымліваўся ва ўмовах, дзе ягоныя правы былі б парушаныя", — тлумачыць праваабаронца.

У 2013 годзе Адынаеў на працягу некалькіх месяцаў кіраваў у Маскве таджыкскім апазіцыйным тэлеканалам "Сафо ТВ", але расійскія ўлады ў тым самым годзе зачынілі гэты тэлеканал. Цяпер Адынаеў ехаў у Варшаву на канферэнцыю АБСЕ па правах чалавека.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.