Праваабаронца Наста Лойка выступіла са зваротам пасля вызвалення
Наста Лойка / Human Constanta
Першы зварот пасля вызвалення апублікавала былая палітзняволеная Наста Лойка. Ён з'явіўся на старонцы праваабарончай арганізацыі Human Constanta, дзе Лойка працавала да свайго арышту.
"Я вельмі рада, што магу звярнуцца да вас наўпрост, выказаць бязмерную любоў і падзяку за падтрымку падчас самага складанага ўключанага маніторынгу ў маім жыцці, асабліва маёй любімай камандзе Human Constanta.
Я ўдзячная сотням неабыякавых за лісты, думкі, цёплыя словы, дапамогу сабаку Эрыку — гэта бясцэнна", — піша Лойка.
Экс-палітзняволеная цяпер знаходзіцца ў Польшчы. Наста кажа, што паспела звязацца з тымі, з кім разам была ў СІЗА і калоніі.
Лойка паведамляе, што бліжэйшым месяцам не гатовая даваць інтэрв'ю і размаўляць з прэсай. Яна плануе адрэфлексаваць новы досвед, паправіць здароўе і ўключыцца ў праваабарончую дзейнасць: "Пакуль цяжка зразумець як наладзіць сваё новае жыццё, быт і асіліць інфармацыйныя хвалі, але я паступова спраўлюся".
Наста Лойка выйшла на волю падчас апошняга абмену беларускіх палітвязняў на санкцыі ЗША, які адбыўся на мінулым тыдні. Падчас яго 15 чалавек былі высланыя за межы Беларусі, а 235 дазволілі застацца на радзіме.