Беларусам на "хатняй хіміі" прапануюць змякчыць пакаранне ў абмен на грошы

Крымінальны кодэкс

Крымінальны кодэкс / sb.by

Беларусам, асуджаным паводле палітычных артыкулаў на "хатнюю хімію", сталі прапаноўваць змякчэнне пакарання. Такія прапановы сталі паступаць тым, хто ўжо адбыў мінімум траціну прызначанага тэрміну, перадае DW.

Пакаранне прапаноўваюць замяніць на "папраўчыя работы". Гэта значыць, што чалавек будзе адбываць яго па месцы сваёй працы, а з заробку на карысць дзяржавы будзе адлічвацца ад 10% да 25%. У выпадку з палітычнымі асуджанымі — 25%, кажа юрыст праваабарончага цэнтра "Вясна" Павел Сапелка.

Паводле прыкладных падлікаў праваабаронцаў, цяпер "хатнюю хімію" па палітычных артыкулах адбываюць каля паўтары тысячы чалавек. Пакуль немагчыма ацаніць, ці шмат каму прапануюць "адпрацоўку за грошы". 

Звычайна асуджаным за "палітыку" пакаранне не змякчаюць. Гэта новая практыка для Беларусі, кажуць праваабаронцы.

Сапелка параўноўвае гэтую практыку з так званымі "добраахвотнымі ахвяраваннямі", што сілавікі вымагалі ў беларусаў, якія данацілі на фонды салідарнасці і беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне.

"Гэта не новая з'ява, мы памятаем, як людзі мянялі сваю свабоду на "добраахвотнае ахвяраванні". Магчыма, гэта працяг той практыкі рэпрэсій. Думаю, гэта ў першую чаргу разлічана на знешнюю аўдыторыю, якая патрабуе гуманізму. Гэта не толькі амерыканская, але і еўрапейская дыпламатыя. Але, магчыма, гэта і сігнал для насельніцтва, што рэжым адчувае сябе ўпэўнена, і можа праявіць той самы гуманізм", — каментуе Сапелка.

Пры гэтым узровень рэпрэсій у Беларусі не зніжаецца: на пачатку 2025 года ў Беларусі было каля 1200 палітвязняў, а ў лютым 2026-га — 1146, хаця адбылося некалькі хваляў вызвалення.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.