Мікалая Статкевіча ўганаравалі міжнароднай прэміяй Homo Homini
Марына Адамовіч атрымала прэмію для Мікалая Статкевіча / Радыё Свабода
Беларускага палітыка і экс-палітвязня Мікалая Статкевіча ўзнагародзілі прэміяй Homo Homini за "нязломную мужнасць і выключны ўклад у дэмакратычны рух у Беларусі". 11 сакавіка ў Празе на адкрыцці 28-га Міжнароднага фестывалю дакументальнага кіно Jeden svět узнагароду за Мікалая прымала яго жонка Марына Адамовіч, перадае Радыё Свабода.
Арганізатары фестывалю адзначылі: "Мікалай Статкевіч прысвяціў усе свае намаганні абароне дэмакратыі. Яго мужнасць асабліва выявілася, калі пасля вызвалення ён супраціўляўся спробе прымусовай дэпартацыі і адмовіўся пакідаць краіну".
Прэмію Homo Homini — адна з прэстыжных узнагарод у галіне правоў чалавека, якая існуе з 1994 года. Штогод яе прысуджае чэшская арганізацыя People in Need, якая займаецца гуманітарнай дапамогай, абаронай правоў чалавека і падтрымкай дэмакратычных каштоўнасцяў.
Раней лаўрэатамі Homo Homini станавіліся таксама і беларускія праваабаронцы. У 2005 годзе яе атрымаў Алесь Бяляцкі, а ў 2020-м — прадстаўнікі праваабарончага цэнтру "Вясна" Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, Леанід Судаленка і Тацяна Ласіца.