Вы тут

У Белаазёрску памёр Генэк Лоска — рок-музыка і зорка польскага X Factor

Генэк Лоска / Łukasz Giza / Agencja Gazeta

Увечары 9 верасня ў Белаазёрску ў саракапяцігадовым узросце памёр Генэк Лоска — польскі вакаліст і гітарыст беларускага паходжання, зорка першага польскага тэлешоў X Factor. 

Ён спяваў з дзяцінства, хадзіў у музычную школу і граў на гітары. Паступіў у Гродзенскае культасветвучылішча, дзе разам з сябрамі стварыў блюзавы гурт Seven B. У 1992 годзе каманда паехала на “Басовішча” і засталася ў Польшчы — граць на вуліцах і такім чынам зарабляць грошы. Хлопцы атрымалі польскае грамадзянства. Трыа Seven B перарасло ў моцны хард-блюзавы квінтэт, які актыўна гастраляваў па Польшчы і выпускаў альбомы.

“Яны не згубіліся на рынку польскага рок-блюза, які насычаны куды больш, чым у Беларусі, а таму прабіцца на ім у людзі куды больш складана. Тым не менш у Seven В гэта атрымалася зрабіць”, — пісаў Зміцер Падбярэзскі ў часопісе “JazzКвадрат”, рэцэнзуючы другі альбом каманды.

Удзел у першым сезоне польскага тэлешоў X Factor у 2011 годзе прынёс Генэку сапраўдную славу. Але музыка падкрэсліваў, што не лічыць сябе знакамітасцю і ніколі не будзе зоркай: “Я пануры, як шавец. І сацыяпат. Беларус у Польшчы і сацыяпат — выдатнае злучэнне”.

Музычны аглядальнік штотыднёвіка Polityka Куба Ваяводскі пісаў пра Лоску:“Генэк — плявок у твар польскай канцэпцыі слова “зорка”. І дзякуй яму за гэта”. 

Сапраўднай жарсцю Лоскі заставаліся спевы на вуліцы — "менавіта там ёсць праўда жыцця", меркаваў Лоска і выходзіў пасля здымак на тэлебачанні ў цэнтр Варшавы граць і спяваць для людзей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.