Трамп расказаў сваю версію — што адбывалася падчас замаху на яго

Дональд Трамп на полі для гольфа, ілюстрацыйнае фота

Дональд Трамп на полі для гольфа, ілюстрацыйнае фота / Global Look Press

Дональд Трамп расказаў, што адбывалася на полі для гольфа ў Фларыдзе падчас спробы замаху на яго ў мінулую нядзелю. Сваю версію падзей ён выклаў у жывым эфіры ў сацыяльнай сетцы X. Са слоў Трампа, ён гуляў у гольф з некалькімі сябрамі. У нейкі момант яны пачулі чатыры ці пяць стрэлаў. Агенты Сакрэтнай службы стралялі ў напрамку кустоў, дзе заўважылі "рулю аўтамата АК-47".

Нагадаем, інцыдэнт адбыўся ў гольф-клубе Трампа ў Уэст-Палм-Біч у Фларыдзе, дзе ён гуляў у гольф. Падазраваны пакінуў на месцы злачынства аўтамат тыпу АК-47В з аптычным прыцэлам, два заплечнікі, камеру GoPro і ўцёк. Пазней яго затрымалі. У ФБР па гарачых слядах заявілі, што гэта была спроба замаху.  

"Я б з прыемнасцю зрабіў апошні ўдар у гульні, але мы ўсё ж вырашылі, што час выбірацца адсюль. Мы хутка з'ехалі, са мной былі агенты Сакрэтнай службы, яны зрабілі выдатную працу. Стралок сядзе за краты, спадзяюся, надоўга", — заявіў Трамп. Паводле яго слоў, злавіць уладальніка АК-47 дапамог сведка, які апазнаў машыну і самога стралка. "Чалавек убачыў нешта падазронае і сфатаграфаваў нумарны знак. Яны хутка злавілі стралка пасля пагоні на аўтастрадзе", — сказаў Трамп.  

Затрыманага мужчыну завуць Раян Раўт, яму 58 гадоў. У панядзелак у судзе штата Фларыда яму былі выстаўленыя абвінавачванні ў тым, што ён незаконна валодаў агнястрэльнай зброяй, а таксама што зброя была са сцёртым серыйным нумарам. Як паведамляе Associated Press, паводле дакументаў 58-гадовы Раўт пражыў большую частку свайго жыцця ў Паўночнай Караліне, а ў 2018 годзе пераехаў на Гавайскія астравы. На Гаваях ён і яго сын займаліся будаўніцтвам падсобных памяшканняў. ВВС вывучыла акаўнты ў сацсетках чалавека з імем Ryan Routh і высветліла, што ён падтрымліваў Украіну ў вайне з Расіяй.

Трамп лічыць, што часткова адказнасць за замахі на яго нясуць прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс. "Праз іх рыторыку ў мяне страляюць. Праз гэтую камуністычную лявацкую рыторыку ляцяць кулі, і далей будзе толькі горш", — адзначыў Трамп.

Нагадаем, 5 лістапада ў ЗША пройдуць выбары прэзідэнта. Трамп з'яўляецца кандыдатам ад Рэспубліканскай партыі, віцэ-прэзідэнтка Камала Харыс — ад Дэмакратычнай.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі