"Пуцін з'еў бы вас на абед, не закусваючы" — у ЗША прайшлі дэбаты Трампа і Харыс

Дональд Трамп і Камала Харыс

Дональд Трамп і Камала Харыс / Reuters

Кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп вымушаны быў заняць абарончую пазіцыю падчас дэбатаў з суперніцай дэмакраткай Камалай Харыс, піша Reutesr. Харыс замяніла ў гонцы Джо Байдэна, цяпер яна займае пасаду віцэ-прэзідэнта. 

Дэбаты пачаліся з нечаканага поціску рук кандыдаты раней ніколі не сустракаліся, адзначае агенцтва. Ініцыятарам гэтага кроку стала Харыс, яна падышла да Трампа. Сярод тэм, якія выклікалі гарачыя спрэчкі, былі міграцыя, эканамічная палітыка і вайна ва Украіне. Трамп заявіў, што дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн "паняцця не мае, як размаўляць Пуціным" і як спыніць вайну ва Украіне. "Як вынік мільёны загінулых, і сітуацыя толькі пагаршаецца", — заявіў ён. І затым дадаў, што Харыс "гэта Байдэн". Ягоная суперніца ў сваю чаргу абвінаваціла Трампа ў тым, што ён здаўся б за 24 гадзіны, а "Пуцін ужо сядзеў у Кіеве, паглядаючы на Еўропу, пачынаючы з Польшчы". "Вы думаеце, што вы сябруеце з дыктатарам, але ён бы Вас з'еў на абед, нават не закусваючы", — сказала кандыдатка ад дэмакратаў. 

Кажучы пра эканоміку, Харыс заявіла, што ёй і Байдэну даводзіцца наводзіць парадак пасля хаосу, які зрабіла адміністрацыя Трампа. Са слоў Харыс, Трамп пакінуў пасля сябе "горшае беспрацоўе з часоў Вялікай дэпрэсіі". Яна таксама раскрытыкавала ідэю Трампа ўвесці мыты да 20 адсоткаў на ўвесь імпарт. Звяртаючыся да выбаршчыкаў, яна заўважыла, што гэтае рашэнне закране "тавары паўсядзённага попыту, на якія вы належыце, каб пражыць месяц". Трамп са свайго боку абвінаваціў адміністрацыю Байдэна-Харыс у тым, што яны ўпусцілі ў краіну "мільёны мігрантаў і злачынцаў". Харыс у адказ папракнула Трампа, што той перашкодзіў прыняццю законапраекта, які дазволіў бы ўзмацніць памежную службу. 

Онлайн-рынак прагнозаў PredictIt паказаў, што верагоднасць перамогі Трампа знізілася падчас дэбатаў з 52% да 47%. Шанцы Харыс выраслі з 53% да 55%. Харыс ужо выклікала Трампа на паўторныя дэбаты. Дадамо, што ў падтрымку Харыс пасля гэтых дэбатаў ужо выказалася поп-зорка Тэйлар Свіфт. У яе 283 мільёны падпісчыкаў у Instagram. І гэтую публікацыю за няпоўныя паўгадзіны лайкнулі амаль 2 мільёны чалавек.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі