Сяргей Чалы: я не ўяўляю, як павінен выглядаць энд-гейм

Сяргей Чалы / Еўрарадыё
Сяргей Чалы / Еўрарадыё

Фінансавы аналітык Сяргей Чалы мяркуе, што санкцыі — гэта не спосаб канкурэнтнай эканамічнай барацьбы і не спосаб змены ўлады. Санкцыі — гэта дэманстрацыя непрымальнасці паводзін прыхільнікаў Лукашэнкі. Якія, як разважае эксперт, не бачаць ніякага кампрамісу, акрамя "безумоўнай капітуляцыі". Але ўявіць такое немагчыма.

Пра цяперашнюю сітуацыю ў Беларусі аналітык разважаў у стрыме Еўрарадыё.

— Варта памятаць, што канчатковай крыніцай санкцый з'яўляюцца дзеянні беларускіх уладаў. А ніякія не заклікі. Колькі, мы памятаем, заклікаў было, і ўвогуле нічога далей за нейкія заклапочанасці і персанальныя спісы мы не бачылі. Гэта адны і тыя ж людзі, звычайныя падазраваныя, якія ў гэтыя санкцыі павінныя трапіць. 

Мы нават чулі выказванне аб тым, што калі б не сітуацыя з самалётам, то санкцый гэтых бы і не было. Электарат гэтых самых еўрапейскіх палітыкаў патрабуе нейкіх дзеянняў. Крыху больш сур'ёзных, чым проста выказванне заклапочанасці, пасля таго, што адбываецца ў Беларусі і што робяць улады. Мэта адна і тая ж — прадэманстраваць уладам, што мы лічым вашы паводзіны непрымальнымі, — сцвярджае эксперт.

Чалы мяркуе, што для спынення працэсу працягу санкцый дастаткова было адпусціць усіх палітвязняў, "спіс якіх цяпер ужо набліжаецца да пяці сотняў". Але ён лічыць, што ўсе дзеянні ўладаў — задавальненне "хацелак".

— Падобна да таго, што працуе цяпер некалькі кірункаў. Сілавікі вырашаюць адну задачу, МЗС вырашае іншую задачу. Усё кіраванне цяпер зводзіцца да такіх "хацелак". "Хачу самалёт з Пратасевічам", "хачу, каб паказалі зняважанага ворага персанальнага", і пофіг на выдаткі, — працягвае Чалы. — Потым бачым, што выдаткі робяцца нейкія завялікія, і, як гэта добра было відаць, радасць прыхільнікаў Лукашэнкі змянілася пэўнай збянтэжанасцю ад таго, што яны ж на самай справе нарабілі. Працуе дзве розныя лініі: адна, якая разумее, што ніякага паслаблення быць не можа, бо абраны курс на эскалацыю гвалту, то бок гэта прыкладна тое самае, што першыя тры дні пасля выбараў.

То бок ёсць такое ўяўленне ва ўладаў, што яны павінныя дамагчыся канчатковай перамогі. Як выглядае гэтая канчатковая перамога — незразумела. Бо, што б яны ні рабілі, ніяк не ўдаецца атрымаць той самы душэўны спакой, які яны спрабуюць вярнуць. 

Адчуванне небяспекі, што ў Лукашэнкі ёсць цяпер, — гэта той самы рухальны фактар таго, што цяпер адбываецца. І для гэтага не трэба цяпер ніякіх знешніх дзеянняў. Дастаткова проста яго ўласнага разумення, што "любімая" падала на развод і ўвогуле не пакахае ўжо ніколі. 

Ніякія выбары выйграць ужо не атрымаецца, і трэба рухацца ў бок сілавога падаўлення ўсіх нязгодных і пераканання апошніх згодных, што можна неяк працаваць без выбару. 

А другая частка — выклікаем Макея і гаворым "хачу, каб наступіў працэс нармалізацыі, ну і рабіце што для гэтага трэба". Яны і спрабуюць рабіць, што на іх думку ў гэты бок мусіць працаваць. 

Зрэшты, на думку Чалага, "нармалізацыі" не будзе. На сілавікоў санкцыі, несумненна, ніяк не ўплываюць: "На каго яны могуць уплываць — дык гэта на тых людзей, ад якіх улада моцна залежыць. Там жа не толькі сілавікі, сілавікі не могуць ствараць дадатковую вартасць. Яны могуць толькі прыбавачны прадукт: адымаць і дзяліць. А ўсё ж такі для таго, каб жыць, неабходна добраахвотна працаваць на карысць, выконваць свае абавязкі ў тым выглядзе, у якім яны рабілі гэта раней".

— Я не ўяўляю сабе, як павінен выглядаць энд-гейм, якога яны хочуць дамагчыся. Гэта словы Рышэлье пра тое, што "няма такога народа, які я не мог бы пасадзіць у Бастылію".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі