Вы тут

Спад гандлю і санкцыі не дадуць ЗВР расці: запас у $8,5 млрд захаваецца нядоўга

Большая частка выплат па дзярждоўгу запланаваная на другое паўгоддзе / Reuters

Нацбанк даў справаздачу пра тое, што на 1 верасня золатавалютныя рэзервы склалі амаль 8,5 млрд долараў. Месяц таму яны былі на мільярд меншыя, але дапамога ад МВФ значна падцягнула беларускія запасы.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што яшчэ дапамагло ЗВР расці і чаму больш асаблівага папаўнення рэзерваў не прадбачыцца.

 

Папоўніць ЗВР дапамог не толькі МВФ

— У прэс-рэлізе Нацбанка напісана, што золатавалютныя рэзервы выраслі на 1,054 мільярда долараў. А SDR для Беларусі ацэньваліся прыкладна ў 925 мільёнаў долараў. Гэта значыць, без уліку SDR рэзервы выраслі дзесьці на 130 мільёнаў долараў, — расказвае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб.

МВФ не стаў блакаваць вылучэнне сродкаў Беларусі / Reuters

Акрамя таго, Нацбанк дае справаздачу аб выплаце знешніх і ўнутраных даўгоў у замежнай валюце ў жніўні на $340 млн. Выходзіць, дзесьці Нацбанку ўдалося знайсці каля $470 млн, акрамя SDR.

Цана на золата па выніках месяца не змянілася, значыць, не паўплывала на ЗВР, адзначае Вадзім Іосуб. Затое прадпрыемствы, банкі і насельніцтва былі чыстымі прадаўцамі валюты, якую Нацбанк мог купіць.

— Агульная сума чыстага продажу ўсімі ўдзельнікамі рынку за месяц склала 228 мільёнаў долараў. Атрымліваецца, павінна быць яшчэ сума, якой не стае [242 мільёны долараў. — Еўрарадыё], — кажа Вадзім Іосуб.

Аналітык мяркуе, што гэтыя 242 мільёны долараў Нацбанк у прэс-рэлізе назваў "паступленнямі замежнай валюты ў бюджэт".

Нацыянальны банк / Еўрарадыё

— У прэс-рэлізах яшчэ некалькі месяцаў таму звычайна расшыфроўвалася, што гэта за экспарт нафты, нафтапрадуктаў і калійных угнаенняў. Цяпер не расшыфроўваецца. Але, магчыма, экспартная пошліна на нафту, нафтапрадукты і калійныя ўгнаенні якраз склала частку, якой не стае і якая дазволіла рэзервам вырасці нават без уліку размеркавання спецыяльных правоў пазычання.

Акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова адзначае, што ў Нацбанка была магчымасць купіць валюту праз добры экспарт.

У жніўні беларусы больш прадавалі валюту, чым куплялі / Еўрарадыё

— Калі гаварыць пра аперацыі насельніцтва, сумарна з наяўнай і безнаяўнай валютай яны сапраўды 1 мільярд 10 мільёнаў долараў. Пры гэтым купілі 916 мільёнаў. Розніца паміж дзвюма гэтымі лічбамі, гэта значыць чысты продаж — 96 мільёнаў долараў, — расказвае Вадзім Іосуб. — У ліпені яна была 47 мільёнаў долараў. Мабыць, павелічэнне звязана з тым, што запавольваюцца тэмпы росту рэальных даходаў насельніцтва. А падтрымліваць узровень спажывання хочацца. Таму частка насельніцтва больш актыўна выкарыстоўвае валютныя заначкі.
 

Нарошчваць рэзервы і далей не выйдзе

Пакуль Нацбанку ўдавалася папаўняць золатавалютныя рэзервы, але рабіць гэта і далей наўрад ці выйдзе. Адна з прычын — экспартны бум скончыцца.

— Мяркуючы па працэсах, што адбываюцца ў сусветнай эканоміцы, запаволенне ўжо пачынаецца. Пытанне ў тым, калі яно дакоціцца канкрэтна да нашага гандлю. Магчыма, праз пару месяцаў, а можа быць, ужо пачынае адбівацца, — працягвае Кацярына Барнукова.

Другая прычына — санкцыі.

— Усе сур'ёзныя санкцыі, якія ўводзіліся ў дачыненні да Беларусі, — гэта санкцыі адкладзенага дзеяння. Гэта значыць, яны не распаўсюджваюцца на наяўныя кантракты або даюць адтэрміноўку, як амерыканскія санкцыі па "Беларуськаліі" да снежня.

"Беларуськалій" / Еўрарадыё

Эфект санкцый пачне станавіцца прыкметным да канца года, адзначае Кацярына Барнукова. Яны знізяць прыток валюты ў Беларусь.

— Адпаведна, гэта будзе адбівацца на золатавалютных рэзервах. Іншыя фактары, якія могуць паўплываць на ЗВР, — гэта тое, што на другую палову года прыпадае больш выплат па знешнім доўгу. Таму, хутчэй за ўсё, бурны рост золатавалютных рэзерваў, які мы бачылі раней, да канца года выпарыцца.

Разам з тым экспартны цуд і падтрымка МВФ дапамогуць выканаць мэтавы паказчык па ЗВР — не менш як $6 млрд да канца 2021 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.