Пяскоў адказаў Лукашэнку наконт больш гнуткіх цэнаў на газ у рамках ЕАЭС

Крэмль будзе прапрацоўваць прапанову Аляксандра Лукашэнкі наконт больш гнуткай цаны на газ у ЕАЭС. Пра гэта журналістам заявіў Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна

"Гэта пытанне для прагавору на экспертным узроўні ў ЕАЭС, пытанне пастаўлена ў рамках ЕАЭС, яно можа ставіцца, яно будзе прапрацоўвацца", — цытуе РІА "Новости" словы Пяскова.

На відэаканферэнцыі кіраўнікоў дзяржаў Еўразійскага эканамічнага саюза 14 красаівка Аляксандр Лукашэнка звярнуўся да Уладзіміра Пуціна з просьбай пра "больш адаптыўную" цану на расійскі газ. Беларускі кіраўнік падкрэсліў, што ва ўмовах крызісу, выкліканага каранавірусам, трэба дзейнічаць больш гнутка: "Пры такой рэзкай змене эканамічнай кан'юнктуры цана павінна быць больш адаптыўнай, а механізм разлікаў — пад'ёмным для спажыўцоў".

У Еўразійскі эканамічны саюз уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кіргізія і Расія. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.