Новым мастацкім кіраўніком Купалаўскага тэатра стаў расіянін

Руслан Чарнецкі і Дзмітрый Акімаў

Руслан Чарнецкі і Дзмітрый Акімаў / t.me/kultinfa

У Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы прызначылі новага мастацкага кіраўніка. Ім стаў расіянін Дзмітрый Акімаў, паведамляе газета "Культура і Мастацтва". Калектыву яго прадставіў міністр культуры Руслан Чарнецкі.

Акімаў расказаў, якімі бачыць свае мэты на новай пасадзе:

"Мая першачарговая мэта — рэалізацыя стратэгіі развіцця тэатра на доўгі перыяд, каб мы ўсе адчулі і асэнсавалі яго місію і кірунак. Мы павінны зразумець, якім ён мусіць быць па ўсіх паказчыках: творчым, эканамічным і грамадска-палітычным. Буду рабіць усё магчымае, каб тэатр адпавядаў свайму высокаму статусу".

Дзмітрый Акімаў — грамадзянін Расіі. У яго за плячыма — рэжысёрскі факультэт тэатральнага інстытута імя Б. Шчукіна (скончыў у 2018 годзе). Ён працаваў галоўным рэжысёрам у шэрагу расійскіх тэатраў.

Улетку 2020-га на хвалі масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў большая частка трупы звольнілася з тэатра. Адміністрацыя дагэтуль не змагла набраць дастатковую колькасць новых актораў, таму запрасіла іх з Расіі.

Пасаду мастацкага кіраўніка тэатра пасля звальнення трупы займала Вольга Няфёдава.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.