Вы тут

Прыватызацыя ў Беларусі: дзяржава не выпусціць палітычны рычаг з рук

Неэфектыўныя дзяржпрадпрыемствы падтрымліваюцца для палітычных выгад / freepik.com

Праблемы неэфектыўнага беларускага дзяржсектара працягваюць назапашвацца і цягнуць краіну ўніз. Кіраўнікам дзяржпрадпрыемстваў не хочацца браць на сябе адказнасць за рызыкоўныя, але больш эфектыўныя стратэгіі. Акрамя таго, "эфектыўная" праца многімі з іх разумеецца як павелічэнне плана на будучыню. Дапамагчы можа прыватызацыя, умовы для якой ужо даўно склаліся, але палітычнай волі на яе няма і няма.

23 сакавіка на семінары "Беларуска-расійскі экспертны дыялог" эксперты расказалі, чаму прыватызацыя неабходная, што для гэтага трэба і за колькі можна прадаць беларускі дзяржсектар.

 

Заганнае кола, якое душыць эканоміку

Прафесар эканомікі парыжскай Школы палітычных навук Сяргей Гурыеў адзначае, што ўсякія спробы прыватызацыі натыкаюцца на нежаданне Аляксандра Лукашэнкі што-небудзь мяняць.

— Трэба разумець, што некаторыя прадпрыемствы і дзяржбанкі — гэта заганнае кола, якое душыць не толькі беларускую эканоміку. Дзяржбанкі дрэнна кіруюць рызыкамі, даюць дзяржпрадпрыемствам крэдыты, якія яны ніколі не вернуць.

Пры гэтым прыватызацыя па азначэнні непапулярная. Для людзей — праз сацыяльныя шокі. Для дзяржавы — таму, што гэта рычаг улады. Беларускі ўрад і раней не спяшаўся прыватызаваць дзяржсектар, а пасля выбараў, калі ўлада выслізгвае, тым больш не пойдзе на гэта, упэўнены Сяргей Гурыеў. Хоць рана ці позна дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё ж давядзецца прыватызаваць.

— Дзяржпрадпрыемствы служаць для таго, каб ствараць нярынкавыя рабочыя месцы. Гэта атрыманне палітычных выгад. Калі вы дзяржбанк, вы даяце крэдыты сваім сябрам, а калі вы дзяржпрадпрыемства, вы наймаеце сваіх патэнцыйных выбаршчыкаў. Як толькі дзяржбанк прыватызуецца, даводзіцца спісваць дрэнныя актывы. Як толькі дзяржпрадпрыемства прыватызуецца, даводзіцца звальняць людзей.

Што б вы ні рабілі, людзі будуць незадаволеныя. Але трэба, каб яны разумелі, што вы ўспрымаеце іх не як віноўнікаў неэфектыўнасці дзяржпрадпрыемства, а як ахвяр. Вы павінны дапамагчы ім знайсці новую працу, прайсці перападрыхтоўку, дапамагчы стварыць бізнес. На гэта трэба выдаткаваць столькі грошай, колькі трэба.

 

Дзяржманаполія некіраваная — яна кіруе сама

"Белнафтахім" — адзін з дзяржаўных манапалістаў / Еўрарадыё

Беларускія ўлады любяць гаварыць пра стратэгічныя прадпрыемствы, якія ні ў якім разе не могуць быць прыватызаваныя. На думку Гурыева, аб'ектыўных прычын для гэтага няма.

— Чаму менавіта дзяржава павінна вырабляць калій або нафтапрадукты? Мы проста да гэтага прывыклі. Напэўна, самая моцная абаронная прамысловасць — амерыканская. А як шмат у ЗША дзяржпрадпрыемстваў у абароннай прамысловасці? Нуль!

Эфектыўнае рэгуляванне манаполіі з дапамогай дзяржуласнасці таксама не працуе.

— Гэта наіўна. Калі не змаглі зрабіць незалежнага рэгулятара для прыватнай манаполіі, то дзяржаўнай вы тым больш не зможаце кіраваць. Яна сама будзе кіраваць усім вашым кабінетам міністраў.

Калі Беларусь пойдзе па шляху Грузіі і Украіны, пачне прыцягваць замежных інвестараў, убудоўвацца ў еўрапейскія ланцужкі дабаўленай вартасці, будуць стварацца рабочыя месцы для вытворчасці і экспарту тавараў у Еўропу. Тым больш што ў Беларусі кваліфікаваная і недарагая рабочая сіла.

 

Арыентаваныя не на прыбыткі, а на фізічныя адзінкі

Для дзяржпрадпрыемстваў галоўнае вырабіць, хай і на склад / Еўрарадыё

Прадаць прадпрыемствы можна паспрабаваць як ёсць. Але калі на іх вісяць даўгі, то бюджэту давядзецца ўзяць іх на сябе.

— Задача нашых дырэктараў — даваць менш развіцця прадпрыемствам, — кажа генеральны дырэктар ІПМ, адміністрацыйны дырэктар BEROC Павел Данейка. — Дагэтуль кампаніям даводзіцца план у фізічных адзінках. Яны зусім не арыентаваныя на прыбытак. Цяпер, у крызіс, пры падзенні продажаў яны ўсё роўна запоўнілі ўсе склады. Абароткі няма, на складах усё ляжыць, а афіцыйна з ВУП усё ў нас нядрэнна.

Для таго каб ажывіць дзяржсектар, патрэбна змена матывацыі і развіццё карпарацыйнага кіравання, лічыць эксперт.

— Калі адказнасць за абранае рашэнне падзяляюць не толькі менеджмент, але і назіральны савет або савет дырэктараў, гэта адкрывае магчымасці для паспяховага пераадолення няўдач. У нас ёсць назіральныя саветы, але яны ў асноўным не працуюць, таму што планы развіцця выпрацоўваюцца ў нетрах міністэрстваў або канцэрнаў.

З якасцю беларускай прамысловасці ўсё нармальна, лічыць Павел Данейка, але навыкі мідл-менеджменту па аптымізацыі структур выдаткаў і арганізацыі вытворчых працэсаў нізкія.

— Яшчэ найважнейшы элемент рэструктурызацыі дзяржсектара — гэта пераход бухгалтарскага ўліку на міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці. Без гэтага зразумець эфектыўнасць нашых кампаній даволі складана.

 

А за колькі можна прадаць беларускі дзяржсектар?

Фінансавы аналітык кампаніі Duff&Phelps Germany GmbH Максім Адаскевіч зрабіў прыкладны падлік кошту 20 найбуйнейшых прадпрыемстваў дзяржсектара і чатырох дзяржбанкаў.

Фрагмент прэзентацыі Максіма Адаскевіча

— Дапусцім, беларуская дзяржава змагла б прадаць прадпрыемствы па тым мультыплікатары, па якім таргуюцца расійскія публічныя кампаніі. Мы атрымліваем ацэнку прыкладна ў дзесяць мільярдаў долараў. Вядома, нават самы ліберальны ўрад не прадасць сто адсоткаў "Беларуськалія". Хутчэй, палова акцыянернага капіталу будзе прададзеная. Выручка будзе каля пяці мільярдаў долараў.

З улікам запланаванага дэфіцыту бюджэту ў 2021 годзе (5,6 млрд рублёў) і выплат па знешніх запазычаннях Беларусі (каля $3 млрд) якраз атрымліваецца $5 млрд.

— Калі б беларуская дзяржава зараз моцна занялася прыватызацыяй, то тэарэтычна яна змагла б закрыць патрэбы ў фінансаванні толькі на адзін год. Але тое, што выручка будзе не такая вялікая, як хацелася б, не значыць, што праводзіць прыватызацыю зусім не трэба. Асноўная матывацыя — гэта тое, што прадпрыемствы будуць больш эфектыўныя, перастануць быць грузам на бюджэце. Вызваляцца фінансавыя рэсурсы, якія перацякуць у прыватны сектар. Усё гэта станоўча паўплывае на эканоміку, — заключае эксперт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.