Вы тут

Прапаршчык з Полацка стрэліў сабе ў сэрца. Жонка не верыць у самагубства

Аляксей Сегадняеў з дачкой. Фота з сацсетак

Раніцай 22 чэрвеня Таццяне Сегадняевай з Полацка паведамілі, што яе муж скончыў жыццё самагубствам. Вайскоўцы і следчыя прыйшлі да яе ў кватэру і распавялі, што 43-гадовы старшы прапаршчык Аляксей Сегадняеў стрэліў сабе ў сэрца на тэрыторыі вайсковай часці №32404, у якой ён праслужыў больш за 20 гадоў.

У суіцыд Таццяна не верыць. Нядаўна ў сям’і нарадзілася доўгачаканае дзіця, цяпер Алене тры гады. Старэйшая дачка, Жэня, вучыцца і працуе ў Мінску.

“У нас вельмі доўга не атрымлівалася з другім дзіцём, — кажа Таццяна Сегадняева. — Алена з'явілася ўжо бліжэй да сарака гадоў. Лёша забіраў яе з садка, песціў. Я не веру ў тое, што ён у адно імгненне ад усяго гэтага адмовіўся. Да таго ж спачатку мне казалі, што ніхто не чуў стрэл, потым пачулі і прыбеглі. Усе незразумела”.

Аляксей трымаў дыету, каб увосень паўдзельнічаць у мінскім паўмарафоне, у яго былі і іншыя планы на жыццё. І ў той чэрвеньскі дзень ён збіраўся вярнуцца дадому пасля дзяжурства.

— Ты дадому прыйдзеш сёння? — пыталася Таццяна ў апошняй размове з мужам.
— Не, дзяжуру да раніцы, — адказваў ён.
— А заўтра?
— Так. Да 16-й, мабыць, усё скончыцца, —
адказвае старшы прапаршчык, маючы на ўвазе баявое дзяжурства, на якім у той час стаяла часць.

Скрыншот перапіскі Аляксея Сегадняева з жонкай. 21 ліпеня, за дзень да трагедыі.

Еўрарадыё адшукала ўдаву загінулага вайскоўца і паразмаўляла з ёй пра тое, што адбылося.

 

Любіў службу і ўвесь час быў на працы

З Таццянай Сегадняевай мы сустракаемся ў цэнтры Полацка. У жанчыны чорная хустка на шыі. Яна прызнаецца, што да гэтага часу не можа паверыць у тое, што адбылося. Не разумее, куды знік бацька, і трохгадовая Алена.

“У кватэру пазванілі, калі яшчэ не было пяці раніцы, — успамінае Таццяна Сегадняева. — Прыйшлі вайскоўцы з часткі, сказалі, што Аляксей стрэліў сабе ў сэрца. Я, вядома, у той момант нічога не разумела. Спачатку я падумала, што адбыўся няшчасны выпадак, але мне адказалі, маўляў, ён гэта зрабіў сам”.

У войска Аляксей прыйшоў яшчэ 1990-я гады, да таго працаваў на заводзе. Па словах Таццяны, муж любіў службу і ставіўся да яе добрасумленна.

“Ён увесь час быў на працы, — распавядае жанчына. — Маглі і паспрачацца з-за гэтага. Лёша не злоўжываў спіртным, практычна на ўсе святы яго ставілі ў нарады. Кіраўніцтва ведала, што яму можна даверыць адказную працу”.

 

“Такое адчуванне, што ўсе пра нешта маўчаць”

У Аляксея не было вайсковай адукацыі, праз гэта яго кар’ера спынілася на званні старшага прапаршчыка. У канцы чэрвеня вайсковая часць знаходзілася на баявым дзяжурстве, таму асабісты склад увесь час знаходзіліся на казарменным становішчы.

Ніякіх праблем, па словах Таццяны Сегадняевай, у іх у сям'і не было, а паводзіны мужа нічым не адрознівалася.

“Апошні раз я яго бачыла за суткі да трагедыі, — распавядае жыхарка Полацка. — Ён прыехаў дадому, прыняў душ, паеў. Атрымалася звычайная размова, нічога асаблівага. Я шмат думала пра тое, што здарылася, але не бачу прычын для самагубства. Калі б ён адважыўся на такое, то абавязкова сто разоў падумаў бы. Да таго ж, у яго былі планы. Магчыма, мне ўсё не распавялі, і ў часці нешта адбылося. У мяне такое адчуванне, што ўсе пра нешта маўчаць і нічога мне не кажуць”.

Аляксей Сегадняеў з жонкай

“Ён заўсёды быў каменем”

К., таварыш Аляксея Сегадняева па службе, кажа, што старшы прапаршчык адмоўна выказваўся пра самагубцаў:

“Апошні раз я бачыў яго днём, — распавядае вайсковец Еўрарадыё. — Што тычыцца пытанняў асабістага жыцця, тут ён заўсёды быў каменем, як кажуць. Магчыма, гэта было вельмі спантаннае рашэнне, неабдуманае.

З-за таго, што адбылося, мы ўсе ў шоку. Ніякіх перадумоў для такога ўчынку не было. У нас праводзяцца розныя заняткі па інфармаванні, і ён казаў, што чалавек, які вырашаецца на самагубства, кончаны. Значыць, адмоўнае меркаванне было на гэты конт”.  

Яшчэ адзін вайсковец з часці, дзе служыў Аляксей Сегадняеў, пацвярджае версію самагубства. Але пра прычыны такога ўчынку ён нічога сказаць не можа.

Канфіскавалі тэлефон і камп’ютар, але развітальную запіску не знайшлі

У загінулага вайскоўца было шмат планаў на бліжэйшы час. Аляксей Сегадняеў займаўся спортам і быў у добрай фізічнай форме. У апошні час ён прытрымліваўся дыеты і рыхтаваўся да восеньскага паўмарафону, які пройдзе ў Мінску. Акрамя таго, Аляксей рамантаваў машыну, каб прайсці тэхагляд, і выпісаў газету “Во славу Родины” на некалькі месяцаў наперад.

Прычын, па якіх яе муж мог сысці з жыцця, Таццяна не бачыць. Ніхто з камандавання вайсковай часткі ці таварышаў па службе Аляксея нічога ёй не тлумачыў. Неразуменне ў яе таксама выклікае тое, чаму мужчына вырашыў стрэліць менавіта ў сэрца?

“Магчыма, штосьці звязана з працай, — кажа Таццяна Сегадняева. — Можа, яна яго настолькі дастала. Памятаю, што ён перажываў, маўляў, там нікому нічога не трэба, салдатамі ніхто не займаецца. Але калі ў чалавека дэпрэсія, то яна ж заўважная. Тады нічога не цікава, але такога не было. Не разумею, як ён мог усё кінуць і вырашыцца на такое”.

Следства па факце самагубства вайскоўца з Полацка праводзіць упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. У жанчыны канфіскавалі тэлефон мужа, а таксама камп’ютар. Ніякай запіскі, у якой Аляксей тлумачыў бы прычыны свайго ўчынку, следчыя не знайшлі.

“Ні сваякі, ні знаёмыя таксама не разумеюць, як такое магло адбыцца. Свякрусе нядаўна тэлефанавалі следчыя і цікавіліся, якая ў яго была псіхіка. Можа, цяпер скажуць, што не зусім нармальны быў? Застаюцца адны пытанні, і ніякай яснасці”.

У Міністэрстве абароны дэталяў здарэння пакуль не агучваюць. Кажуць толькі, што ў старшага прапаршчыка з Полацку былі асабістыя матывы для самагубства. 

"Смерць ваеннаслужачага ніяк не звязаная з прахаджэннем ім вайсковай службы", — каментуе для Еўрарадыё кіраўнік прэс-службы Мінабароны Уладзімір Макараў.

Але якімі былі гэтыя матывы? Іх не могуць уявіць ні жонка загінулага, ні яго сваякі, ні таварышы па службе.