Новікаў: Дзе прыклад, каб дзяржава забрала прадпрыемства, і там стала лепш?

Чаму ў замежных інвестараў не складваюцца адносіны з беларускімі ўладамі? Разважаем пра гэта з былым уладальнікам “Камунаркі” і “Спартака” Маратам Новікавым.

Еўрарадыё: КДБ затрымаў уладальніка “Мотавела”, бізнесмена Аляксандра Мураўёва. У вас ёсць тлумачэнні таго, чаму ўзаемаадносіны багатых людзей і беларускіх уладаў не складваюцца?

Марат Новікаў: Пачнём з таго, што для мяне Мураўёў — не бізнесмен. Нахрана яму быў той “Мотавелазавод”? Я не ведаю, за што канкрэтна яго арыштавалі, таму не магу даваць гэтаму ацэнку, але магу даць ацэнку з пункту гледжання бізнесмена яго “праекта Мотавела”. Я лічу, што прыватызавалі “Мотавела” толькі з мэтай забраць такую вялікую маёмасць у цэнтры горада. Я быў упэўнены, што размовы пра планы вярнуць “Мотавела” былую славу і вырабляць вартую прадукцыю — толькі пыл у вочы.

Любы чалавек з цвярозым розумам разумеў: узяць такі завод, такі кавалак зямлі і абяцаць кіраўніцтву краіны, што ён там будзе выпускаць і веласіпеды, і матацыклы — для мяне гэта была авантура і тады, і сёння. Бізнесмен павінен найперш пралічваць сваю выгаду і не забываць, што ён працуе менавіта ў Беларусі, дзе часам могуць прыцягнуць нават тады, калі ты не вінаваты. А тут, калі менавіта па “Мотавела” глядзець, то я лічу, што ён вінаваты. Проста там “недзе ланцужок лопнуў”. Вось вы ўявіце сабе: як гэта сёння ўзяць і набыць у Беларусі “Мотавелазавод” ці МАЗ, ці трактарны… Такое пытанне вырашаецца ў Аляксандра Рыгоравіча. А значыць, да Аляксандра Рыгоравіча нехта заходзіў і даваў Мураўёву рэкамендацыі — ён жа сам не мог зайсці да Аляксандра Рыгоравіча!

Еўрарадыё: У назіральным савеце “Мотавела” ў дзяржавы быў, здаецца, толькі адзін голас. Як пры наяўнасці аднаго голасу дзяржава здолела прызначыць на завод свайго чалавека — Мікалая Ладуцьку?

Марат Новікаў: Што тут здзіўляцца? І далей будуць дзейнічаць улады па той жа схеме, як было ў нас: акцыі ў людзей дзяржава што забярэ, што выкупіць, а той жа Мураўёў іх проста аддасць, каб толькі яго з турмы выпусцілі. А Ладуцька зараз будзе рабіць усё, што яму скажуць. Лічу, што яму першую задачу паставілі: усё павінна вярнуцца ў дзяржаву.

Еўрарадыё: Ну, ставіць дзяржава сваіх людзей кіраўнікамі і што — змяняецца сітуацыя да лепшага? Вось, калі паглядзець на прыкладзе былых вашых прадпрыемстваў “Камунарка” і “Спартак.

Марат Новікаў: Некалі Лукашэнка мне сказаў: “Я ўпершыню бачу яўрэя, які “прама” працуе”. У нас была ў Амерыцы наша фірма і фабрыкі “Камунарка” і “Спартак”. У нас ніколі не было афшораў, амерыканская фірма забяспечвала стратэгічнай сыравінай беларускія фабрыкі. Чаму мы забяспечвалі? Бо калі, асабліва напярэдадні новага года, фабрыкам не хапала сыравіны, у Амерыцы бралі крэдыты пад 2-3 працэнты і фінансавалі. Калі падняць бухгалтэрыю, то бачна, што амаль кожны год мы крэдытавалі фабрыкі на 5-7 мільёнаў долараў. А што цяпер? Цяпер усе пастаўкі ідуць так: Талін — рыжская кампанія-“пастаўшчык” — “Спартак”. Такі трохкутнік. У выніку павялічваецца кошт і какава-бабоў, і арэхаў….

Марат Міхайлавіч у Грэцыю за свае грошы вазіў дзяцей супрацоўнікаў фабрык — па 240 чалавек за сезон! А ён жа мог гэтыя грошы аддаць сваім пяці ўнукам! А ён замест гэтага набыў аўтобус, каб людзі на шопінгі за мяжу ездзілі, набыў прафілакторый, гатэль — усё для людзей, для фабрыкі. Што, я той прафілакторый з сабой у Амерыку звёз?

Можа, Марат Міхайлавіч — жулік, злодзей і нягоднік, але паглядзіце, што ён зрабіў! А што робяць цяпер? Мы працавалі без выхадных і не хапала, каб усіх жадаючых прадукцыяй забяспечыць, а цяпер фабрыкі працуюць па 3-4 дні ў тыдзень і заробкі напалову зменшыліся. Казалі, што Марат ім перашкаджае працаваць на Амерыку і Расію. Цяпер кажуць, што інфляцыя ім перашкаджае. У нас была і інфляцыя, і што заўгодна, а нам дзён у тыдні не хапала! На Вялікдзень працавалі, уяўляеце!

Ішоў неяк па Брайтане і ўбачыў скрынкі нашых цукерак у краме: спецыяльна зрабіў фота і даслаў кіраўніку аналітычнага цэнтра, у Саўмін Русаму, каб паглядзелі, за колькі яны там прадаюцца. Скрынкі цукерак, сабекошт якіх 5 долараў, там прадаюць па 2-3 долары, шакаладкі — дзве штукі за долар. Калі такое было? Забілі брэнд “Камунарка” і “Спартак”. Гэта я яшчэ не кажу пра якасць прадукцыі!

Еўрарадыё: Вы так сённяшнюю схему паставак сыравіны на фабрыкі апісалі — маеце факты?

Марат Новікаў: А што тут мець? Мы набывалі сыравіну ў Швецыі, адтуль усё ішло ў Талін, а з Таліна — наўпрост на фабрыкі. А навошта цяпер усё з Таліна ідзе яшчэ і праз Рыгу?

Еўрарадыё: Пэўная колькасць акцый “Камунаркі” і “Спартака” ў вас засталася — грошы па іх нейкія атрымліваеце?

Марат Новікаў: Штогод пэўную суму нам пераводзілі… Але гэтым разам, падчас сходу акцыянераў, рашэнне аб пераводзе грошай замежнаму інвестару не было прынятае. І цяпер кажуць: “Трэба яшчэ раз сход сабраць”. І яшчэ: яны хочуць зараз беларускія рублі пераводзіць. А куды? Кажуць: “Стварыце кампанію ў Беларусі, і мы вам туды грошы перавядзем!” І як інвеставаць у гэту краіну грошы?! Нікому тут інвестары не патрэбныя! Гэта проста кажуць так проста: інвестары, усё для вас, прыязджайце… Нікому гэта не патрэбна! Усё, чаго не хапае Беларусі, пакрывае Расія, таму навошта Беларусі інвестары?

Еўрарадыё: Усё можа здарыцца з расійскай эканомікай…

Марат Новікаў: Я ў палітыку не лезу, таму нічога пра гэта сказаць не магу. Але я спачатку ніяк не мог зразумець: навошта дзяржаве нацыяналізаваць нармальныя прыбытковыя прадпрыемствы, якія потым развальваюцца? А потым зразумеў: такія прадпрыемствы ім не патрэбныя! Не патрэбныя ў Беларусі “Мараты”. Бо ў Марата і бясплатнае харчаванне, і заробкі добрыя, і супрацоўнікі ў Карлавых Варах адпачываюць — а астатнія што? Таму і не патрэбныя тут маякі. Колькі іх засталося ў Беларусі? Адзінкі, але, думаю, што з часам і з імі скончаць. Пакажыце мне хоць адзін прыклад, каб дзяржава забрала нейкае прадпрыемства і на ім стала лепш, чым было раней.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі