Не азірацца назад: як палітзняволеная керамістка пачынае жыццё нанова

Наталля Карнеева

Наталля Карнеева / Новая газета. Балтия

Літва стала краінай, куды прама з беларускіх калоній трапляюць вызваленыя палітзняволеныя. Дэ-факта адбываецца іх дэпартацыя. На фоне гучнай навіны за дужкамі застаецца ўсведамленне, як складваецца іх далейшы лёс. А гэта — жыццё нанова: без дому, працы, сацыяльных сувязяў, і ў няпростым псіхалагічным стане. Журналіст Аляксандр Белавусаў і выданне Новая газета. Балтыя” расказваюць, як склаўся лёс керамісткі Наталлі Карнеевай, якая каля трох гадоў таму пераехала ў Вільнюс.

Гэта быў татальны начны кашмар

Летам 2023 года Наталля разам з 11-гадовай дачкой перасекла беларуска-літоўскую мяжу. Гэта была вымушаная мера: жыццё ў Мінску для яе стала невыносным.

Праз два гады пасля выбараў жанчыну і яе мужа затрымалі за ўдзел у мірных шэсцях 2020 года. Яна правяла больш за тры месяцы ў ізалятары на Акрэсціна, затым — у СІЗА, ва ўмовах, якія праваабаронцы кваліфікуюць як катавальныя: яркае святло, клапы, перанаселеныя камеры.

Самым цяжкім выпрабаваннем Наталля называе разлуку з малодшай дачкой. Багдану адправілі ў дзіцячы дом. Фактычна беларускі рэжым узяў дзяўчынку ў закладнікі. Гэта стала адной з казуістычных і, на жаль, тыповых практык улад у Мінску: шантаж палітзняволеных пазбаўленнем бацькоўскіх правоў, прымусовая адмова ад грамадзянскай пазіцыі і падаўленне іншадумства.

— Суд прыгаварыў мяне да трох гадоў дамашняй хіміі, пасля гэтага я не без намаганняў вярнула бацькоўскія правы, — успаміны нашай суразмоўніцы даюцца няпроста. — Адбыванне дамашняй хіміі” — асобная гісторыя. Гэта пастаяннае нервовае напружанне. Не маеш права пайсці ў краму, выйсці ў цырульню. Аднойчы патрэбна было тэрмінова ехаць з дзіцем у бальніцу, але я не магла без дазволу ўчастковага. Мяне правяралі праз дзень. Пасярод ночы маглі з’явіцца некалькі бамбіз у масках, бронекамізэльках, са зброяй.

Прапусціць званок з міліцыі нельга. Інакш — парушэнне. Тры парушэнні — і зноў на Акрэсціна (гэта не гіпатэтычная рызыка, а рэальная пагроза). Па словах Наталлі, начныя госці не хавалі, што прыходзілі шукаць парушэнні: Гэта быў татальны начны кашмар.

Стала відавочна, што доўга вытрымаць у такім рэжыме яна не зможа, і была вялікая рызыка зноў апынуцца ў месцах несвабоды. Улады не хаваюць: адна з мэт такога ціску — выцясненне іншадумцаў з Беларусі.

— Муж пакінуў краіну першым, — расказвае Наталля. — Ён прафесійна займаўся пчалярствам. Калегі запрасілі яго ў Літву, зрабіўшы рабочую візу. А мы прыехалі следам.

Не оглядываться назад: как политзаключённая керамистка начинает жизнь заново
Наталля Карнеева з дочкамі / асабісты архіў

Пчальнік. Шэлтар. Апатыя

Першы час сям’я жыла на пчальніку, дзе было абсталявана жыллё для работнікаў. Калі ўзнікла пытанне пра неабходнасць аддаць дзіця ў школу, Наталля Карнеева пераехала ў Вільнюс — дапамагла заснавальніца гуманітарнай арганізацыі Дапамога” Наталля Калегава: паўгода былая палітзняволеная з дачкой жылі ў шэлтары, дзе іх забяспечылі ўсім неабходным — ежай і адзеннем на першы час (мяжу яна перасекла з адным заплечнікам).

— У шэлтары былі ментары, якія літаральна вадзілі нас за руку: дапамагалі зарэгістравацца ў паліклініцы, вучылі карыстацца дадаткам грамадскага транспарту, паказвалі, як арыентавацца на сайце Дэпартамента міграцыі, — пералічвае Наталля.

У эміграцыі апынаешся ў цяжкім псіхалагічным становішчы, калі страта звыклага жыцця спалучаецца з неабходнасцю тэрмінова будаваць новае — без апоры і ясных арыенціраў. У такой сітуацыі людзі сутыкаюцца з апатыяй, дэпрэсіяй і губляюць здольнасць вырашаць банальныя бытавыя праблемы. Таму такая падтрымка становіцца жыццёва неабходнай.

Гэтую задачу бяруць на сябе арганізацыі грамадзянскай супольнасці і валанцёры — людзі, якія добра разумеюць стан і патрэбы былых палітзняволеных, што апынуліся ў чужой для сябе краіне.

Першыя месяцы ў Літве аказаліся найбольш складанымі: з аднаго боку — свабода, а з другога — татальная невядомасць і неабходнасць пачынаць жыццё з нуля ў іншай краіне, дзе няма сацыяльных сувязяў і звыклай апоры: ні працы, ні адчування дому, ні разумення, як складзецца заўтрашні дзень.

— У мяне да гэтага часу няма дакументаў, што я, напрыклад, закончыла ўніверсітэт, — іранічна ўсміхаецца керамістка. — Калі б я іх запытала, сілавікам стала б ясна, што я планую ад’езд.

Мяжа як бы абнуліла ўвесь досвед

Наталля Карнеева так апісвае адчуванні, што ахапілі яе пасля перасячэння мяжы з Літвой: “У мяне, нарэшце, з’явілася раскоша ўбачыць адкрытае начное неба. У гэты момант здалося, што магу перавярнуць горы. А потым успомніла, што ў Мінску засталася кватэра, праца. Мяжа як бы абнуліла ўвесь досвед. У мяне нават зменнай пары джынсаў не было”.

Першыя самастойныя крокі па адаптацыі ў Літве Наталля пачала рабіць, яшчэ знаходзячыся ў шэлтары: брала падпрацоўкі, прыбірала кватэры, мыла падлогі.

— Ну а як інакш? Разумела, што трэба прывыкаць да новай рэальнасці, сядзець без справы не хацелася, — уздыхае жанчына.

Асвоіўшыся, сужэнцы вырашылі, што час зняць кватэру і будаваць самастойнае жыццё ў іншай краіне: цагліна за цаглінай яны вярталі кантроль над жыццём. Прайшлі бюракратычны працэс па легалізацыіпасля афармлення бежанства ўключыліся ў праграму па інтэграцыі. На гэтым этапе важную ролю сыграла літоўская дзяржава.

— У Дэпартаменце міграцыі нам далі памятку з нумарам тэлефона, па якім трэба было звяртацца для далейшай адаптацыі. Так мяне прыпісалі да Мальтыйскага Ордэна, дзе прызначылі куратара, — у словах нашай суразмоўніцы адчуваецца, якую палёгку яна адчула. — Таксама нам прызначана штомесячная дапамога, што вельмі дарэчы ва ўмовах арэнднай кватэры і іншых расходаў.

Беларуска тлумачыць розніцу ў стаўленні ўлад да людзей на канкрэтных прыкладах: у Літве дзіцячая дапамога выплачваецца да 18 гадоў, у Беларусі — да трох; тут прызначаюць дапамогу па беспрацоўі, а ў Мінску існуе “падатак на дармаедства” (павышаныя тарыфы за камунальныя плацяжы).

— Таксама нам дасяжныя курсы мовы — два разы на тыдзень мы вучым літоўскую, — дапаўняе Наталля. — Аднойчы на пошце зразумела, што для мяне літоўская мова ўжо не белы шум, а я разумею размову дзвюх бабулек, якія абмяркоўваюць здароўе. Цяпер не проста абыходжуся ačiu labai (вялікі дзякуй), але магу выкарыстоўваць і больш складаныя выразы, хоць гаварыць усё яшчэ цяжка, але я над гэтым працую.

Дачка тры месяцы ела пад коўдрай

Калі заходзіць гаворка пра дачку, у голасе Наталлі з’яўляецца надлом. Яна прызнаецца: да гэтага часу не ведае, што давялося перажыць Багдане ў дзіцячым доме, але пасля гэтага жыццярадасная раней дзяўчынка страціла ўвесь інтарэс да вучобы, некалькі месяцаў не выходзіла з пакоя і ела пад коўдрай. Ужо ў Літве ў яе дыягнаставалі посттраўматычнае стрэсавае расстройства і сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці.

— Спачатку поспехам было тое, што яна ў прынцыпе дайшла да школы, а якія атрымлівала ацэнкі — я нават не звяртала на гэта ўвагі, — прызнаецца наша суразмоўніца. — Паступова яе стан стаў паляпшацца. У яе з’явіўся інтарэс да хіміі, і на гэтай энергіі яна пачала рабіць дамашку і па іншых прадметах. Мы з мужам тады радасна паглядзелі адзін на аднаго: Багдана, ты робіш дамашнія заданні?

У дзяўчынкі, падлеткавы перыяд якой прыйшоўся на эміграцыю, з’явіліся сябры і, здаецца, намеціліся першыя рамантычныя адносіны.

— Цяпер у мяне ёсць магчымасць аплачваць паслугі яе псіхолага, і гэта таксама важны этап у пераадоленні перажытага ў Беларусі, — не хавае Наталля.

Як эмацыйны і творчы чалавек, яна сама таксама цяжка перажывае мінулы досвед: “Апошні раз мяне трыгеравала, калі сюды прывезлі чарговую партыю вызваленых з беларускіх турмаў. Адна з жанчын сказала, што ёй заставалася адседзець месяц. А цяпер — дэпартацыя. Пранізлівая фраза Я хачу дадому ўзняла пласт эмоцый. Мы ж усе хочам дадому! Але ўжо ўсё, дому няма, і з гэтым цяжка звыкнуцца”.

Былая палітзняволеная заклікае рабіць, як яна  звяртацца па прафесійную псіхалагічную дапамогу, шукаць камфортнага спецыяліста і не баяцца прызначэння лекаў, якія дазволілі ёй перажыць самыя цяжкія гады.

— Пакуль я прымала антыдэпрэсанты і нейралептыкі, настрой быў роўны — як падстрыжаны газон, — прыводзіць параўнанне жанчына. — Ужо год я спраўляюся без іх, і хоць часам даводзіцца няпроста, гэта дае адчуванне, што я зноў жыву па-сапраўднаму.

Не оглядываться назад: как политзаключённая керамистка начинает жизнь заново
Вырабы Наталлі Карнеевай/ Аляксандр Белавусаў / “Новая газета. Балтыя”

“Скакала ўсё ад печы для абпалу

Адным з найважнейшых этапаў вяртання да сябе ў новым жыцці Наталля называе аднаўленне любімай справы — займанне керамікай.

У Беларусі яна была вядомым спецыялістам, праводзіла майстар-класы, якія карысталіся папулярнасцю. У яе быў акаўнт у Instagram з некалькімі тысячамі падпісчыкаў (доступ да яго ўдалося аднавіць).

У Літве фактычна ўсё давялося пачынаць нанова: печ для абпалу, сэрца ўсяго працэсу, з вялікімі цяжкасцямі ўдалося перавезці з Мінска ў Вільнюс. Гэта абышлося ў траціну яе рыначнай вартасці. А потым яна без справы прастаяла два гады: не было прыдатнага памяшкання, ды і да ўласнай справы Наталля тады яшчэ не была гатова — шукала працу ў іншых майстэрнях.

Я абышла ўсе керамічныя студыі ў Вільнюсе, і, у рэшце рэшт, гэта дало эфект: адна з іх прапанавала праводзіць майстар-класы. У такім рэжыме я ў выніку працавала паўтара года. Зарплата невялікая, графік няроўны, але гэта была магчымасць не выпадаць з прафесіі, — кажа керамістка. — А ў вольны час вывучала рынак, шукала памяшканне, ну і працавала над сваімі вырабамі.

Цяпер у Наталлі ўтульная майстэрня ў раёне Лаздзінай, якая хутчэй нагадвае музей. На паліцах расстаўлены кубкі і вазы, стылізаваныя пад вафельныя стаканчыкі. Так і цягне надкусіць — як калісьці ў дзяцінстве марозіва.

Побач — астаткі ад калекцыі на Хэлоўін, якую размяталі на кірмашах і ў сувенірных крамках, дзе можна купіць вырабы керамісткі.

Прыйшло некалькі заказаў ад кавярні і ад адной пякарні, якую адкрылі беларусы, — Наталля паказвае падстаўкі пад прыборы, соуснікі, кубкі для мексіканскага рэстарана, якія вось-вось павінен забраць кур’ер.

Працы стала так шмат, што яна нават прыцягнула да яе дачку і мужа. Муж сыграў важную ролю ў распрацоўцы новай і складанай калекцыі — керамістка вырашыла зрабіць серыю навагодніх цацак: Мне казалі, што гэта практычна немагчыма. З аднаго боку, цацка выглядае масіўнай, а з другога — павінна быць лёгкай. Мы купілі 3D-прынтар, распрацоўвалі формы больш за паўгода. І ўсё ж дасягнулі жаданага выніку.

Прыходзяць розныя людзі. У літоўцаў заўсёды гатовыя ідэі, і яны не баяцца брацца за складаныя формы. А вось беларусы яшчэ могуць паспрачацца, будуць яны рабіць кубак ці вазачку.

Наталля зноў пачала праводзіць майстар-класы і, здаецца, набыла душэўную раўнавагу і ўнутраную апору.

Не оглядываться назад: как политзаключённая керамистка начинает жизнь заново
Рэч, якую можна зрабіць на майстар-класах Наталлі Карнеевай / асабісты архіў

“Хопіць азірацца назад”

Наталля Карнеева кажа, што ўпершыню ў эміграцыі пачала бачыць будучыню: “Я вельмі хачу паехаць з мужам у адпачынак, якога ў нас ужо тры гады не было. А яшчэ мы задумаліся аб куплі дома і нават даведаліся, якія ёсць варыянты іпатэкі”.

Яна называе гэта паваротным момантам, які падзяліў жыццё на мінулае і цяперашняе.

Я звязваю сваю будучыню з Літвой, мы вырашылі пусціць карані тут, і нават калі ў бліжэйшыя пару гадоў адбудуцца змены ў Беларусі, мой дом, хутчэй за ўсё, будзе ў Вільнюсе, а не ў Мінску, — падкрэслівае керамістка.

За апошні год у Беларусі пры садзейнічанні ЗША было вызвалена некалькі соцень палітзняволеных. Але пакуль адны радуюцца зняццю санкцый, а іншыя запісваюць сабе ў актыў чарговую перамогу, у цені застаюцца цяжкасцішто выпадаюць людзям, якія аднойчы апынуліся за межамі роднай краіны ў турэмнай вопратцы, без дакументаў і з няпэўнымі перспектывамі.

Пры падтрымцы “Медыясеткі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.