Наколькі бяспечна радыеактыўнае воблака, якое праляцела над Браславам

Наколькі бяспечна радыеактыўнае воблака, якое праляцела над Браславам

8 кастрычніка Федэральнае ведамства па радыяцыйнай абароне Германіі заяўляе, што на поўдні Урала адбыўся выкід радыеактыўнага ізатопа рутэній-106.

9 лістапада Інстытут ядзернай і радыяцыйнай бяспекі Францыі гаворыць, што зафіксаваў радыеактыўнае воблака над Еўропай.

Спачатку Расія ўсё адмаўляе. Але 20 лістапада Федэральная служба па гідраметэаралогіі Расіі публікуе бюлетэнь аб радыяцыйнай абстаноўцы на тэрыторыі Расіі ў верасні 2017 года. У ім гаворыцца пра наяўнасць радыеактыўнага рутэнія-106 у пробах, адабраных у апошні тыдзень верасня ў Чалябінскай вобласці.

Ці закранула гэта Беларусь, спачатку было невядома. Толькі 14 лістапада Белгідраметэацэнтр публікуе навіну, што з 3 па 5 кастрычніка  ў Пінску і Браславе былі зафіксаваны "нязначныя сляды актыўнасці" рутэнія-106 у паветры. Да гэтага паведамлення ніякай інфармацыі аб тым, што рутэній быў знойдзены ў Беларусі, не было. Як лічыць намесніца начальніка Белгідраметэацэнтра Марыя Гермянчук: "Ніякай небяспекі для насельніцтва гэтыя нязначныя сляды не нясуць".

Але наколькі гэта былі "нязначныя сляды актыўнасці"? Па словах прадстаўніцы Белгідраметэацэнтра, колькасць ізатопа была ў дзясяткі тысяч разоў менш за ўзровень умяшання, нават магутнасць гама-выпраменьвання ў гэтых гарадах ніяк не змянілася: "Гэта літаральна ўсяго некалькі распадаў у кубічным метры. Колькасць ізатопа вымяралася 10-6 Бк/м3".

Былі правераны ўсе пробы на тэрыторыі Беларусі. Пры гэтым рутэній-106 быў знойдзены толькі ў Пінску і Браславе. Як паведамілі ў Белгідраметэацэнтры, гэта адбылося з-за таго, што толькі туды прыйшлі паветраныя масы з паўднёвай Еўропы: "Паветраныя плыні ніколі не рухаюцца ў адным кірунку. Гэта называецца занальная цыркуляцыя атмасфер. Яны рухаюцца так, як складваецца сінаптычная сітуацыя ў дадзены момант. Мабыць, толькі да гэтых гарадоў з паўднёвай часткі Еўропы прыйшлі паветраныя масы. Як яны рухаліся, цяпер ужо цяжка сказаць".

У тыя дні ў гэтых раёнах якраз ішлі дажджы. Ці варта баяцца прадуктаў з тых рэгіёнаў і часова пазбягаць іх? Можа варта адмовіцца ад пінскай каўбасы? Але ў Белгідраметэацэнтры ўпэўнены, што пры такой невялікай колькасці ізатопа ў паветры не варта баяцца, што ён захаваўся ў глебе:

"Калі ў паветры вельмі малая колькасць, то ў глебе і вадзе ўжо дакладна нічога не знайсці. Бо калі мы праводзім аналіз паветра, мы адпампоўваем велізарны аб'ём паветра праз адмысловыя фільтры".

Але аналізы вады і глебы яны ўсё ж такі не праводзілі.

Кіраўнік украінскага міжнароднага навукова-даследчага цэнтра “Экалогія і здароўе”, доктар медыцынскіх навук Юрый Бандажэўскі лічыць, што нават невялікая колькасць рутэнія-106 можа быць небяспечнай для здароўя:

"Любыя канцэнтрацыі такога кшталту ўжо небяспечная. Але ўсё залежыць ад таго, наколькі моцна людзі кантактавалі з імі: дзе, як і ў якім аб'ёме і на якой тэрыторыі гэта ўсё адбывалася".

Прычына здарэння дагэтуль не вядомая. Рутэній-106 можа ўтварыцца падчас перапрацоўкі ядзерных цеплавыдзяляючых элементаў. Яго выкарыстоўваюць у якасці крыніцы выпраменьвання пры ракавай тэрапіі, радзей — у радыеізатопных тэрмаэлектрычных генератарах (яны патрэбныя для электразабеспячэння спадарожнікаў).

Рутэній-106 — штучны элемент, вынік дзялення ядзерных матэрыялаў (ўрану, торыю або плутонію) пры ланцуговай рэакцыі. Рутэній-106 можа ўтварыцца падчас перапрацоўкі ядзерных цеплавыдзяляючых элементаў. Яго выкарыстоўваюць у якасці крыніцы выпраменьвання пры ракавай тэрапіі, радзей — у радыеізатопных тэрмаэлектрычных генератарах (яны патрэбныя для электразабеспячэння спадарожнікаў).

Цэнтр радыяцыйнага кантролю

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі