Вы тут

Наеўся прэзідэнцтва: згадваем цытаты Лукашэнкі пра тое, як ён здаволіўся ўладай

Прыгадваем, як ён амаль 28 гадоў (не) трымаецца за сваё крэсла / калаж Улада Рубанава

У 2022-м споўніцца 28 гадоў знаходжання Аляксандра Лукашэнкі ва ўладзе. За гэты час, ён не раз заяўляў, што "не трымаецца за крэсла пасінелымі пальцамі".

Успамінаем, цытаты Лукашэнкі пра тое, як ён наеўся ўладай.

2002

Адно з самых ранніх выказванняў датуецца 2002 годам:

— Я восем гадоў — прэзідэнт. Паверце, я ўжо наеўся ўлады столькі, што вам і не снілася.

 

2003

Праз год ужо заявіць наступнае:

— Я вельмі часта ўжо пачынаю апраўдвацца, нават перад высокапастаўленымі чыноўнікамі Расіі. Я ім так кажу: дарагія мае, родныя, я наеўся ўлады, мне шапка Манамаха не патрэбная, я не прыязджаю ў Крэмль, каб схапіць якую-небудзь сцяну і павезці ў Беларусь, я не прэтэндую ні на нейкія там уладныя паўнамоцтвы на тэрыторыі Расіі.

 

Рэферэндум 2004 года / Reuters

Лукашэнка так да таго часу наеўся ўлады, што ўжо налета правядзе рэферэндум: папраўкі ў Канстытуцыі дазволяць яму абірацца неабмежаваную колькасць разоў.

2005 

Тэзіс пра тое, што Лукашэнка не замахнуўся на Крэмль, ён паўторыць у 2005 годзе. "Наеўся ўлады" — прыкладаецца бонусам:

— І рэч тут не ў "дзяльбе ўлады". Я ўжо наеўся ўлады. За дзесяць гадоў свайго прэзідэнцтва далей няма куды. Гэта трэба, каб папракнуць: "Лукашэнка замахнуўся на Крэмль". Ды досыць мне "гэтага Крамля" ў Мінску.

2008

У 2008 годзе ў фразы "Наеўся ўлады" з'явіўся канкурэнт: "Не трымаюся за ўладу дзвюма рукамі":

— Пераконваць вас у тым, што я не буду трымацца за ўладу дзвюма рукамі, я не буду. Таму што вы можаце ў гэта паверыць ці не. Галоўны суддзя — гэта час.

 

2009

Але ў 2009-м "пераяданне" вяртаецца:

— Хачу сказаць адкрыта: Лукашэнка ўжо дастаткова ва ўладзе, наеўся ёю, і пытанне ў тым, у імя чаго я стараюся яе захаваць. У мяне заўсёды была адна мэта: захаваць суверэнітэт, незалежнасць нашай краіны.

 

2010

Мікалай і яго бацька на выбарах 2010 года / фота прэс-службы Лукашэнкі

У 2010-м заяўляе, што сыны на яго месца не нацэльваюцца:

— Я вам кажу сумленна і шчыра. Я не хачу, каб мае дзеці былі ў Беларусі прэзідэнтамі. Не хачу. Я наеўся, і маім дзецям праз мяне хапіла гэтага прэзідэнцтва.

 

2019

У 2019-м, праз яшчэ амаль два тэрміны, наядаецца ўлада яшчэ больш:

— Публічна заяўляю: я не першы тэрмін прэзідэнт, я ўжо наеўся гэтага прэзідэнцтва. Таму загубіць краіну ў імя асабістых амбіцый (нейчых і сваіх) — я ніколі на гэта не пайду. Гэта значыць перакрэсліць усё тое, што ты рабіў больш за два дзясяткі гадоў, таму трэба супакоіцца ў гэтым плане. Я не збіраюся сваё палітычнае жыццё падаўжаць за кошт нейкіх выкрутасаў палітычных ці канфігурацый або гэты транзіт ажыццяўляць ад цябе да сябе. Ні ў якім разе. І потым, я чалавек вельмі самалюбівы: калі вы заўтра за мяне не прагаласуеце, я паперажываю там цішком, нідзе плакацца не буду, там крычаць таксама. Я ўжо нямала працую прэзідэнтам і ўжо ўдосталь гэтага наеўся.

У тым жа годзе, у часе парламенцкіх выбараў, упершыню сказаў пра мемныя "пасінелыя пальцы":

— Калі грамадству не падабаецца, як гэта прэзідэнт арганізоўвае, яны пераабяруць яго праз паўгода. Будзьце ўпэўненыя: я пасінелымі пальцамі за гэта крэсла трымацца не буду, калі вы адмовіце мне ў даверы.

2020

У ліпені 2020-га, ужо ў часе прэзідэнцкай кампаніі, збірае комба з "наеўся" і "пасінелыя пальцы":

— Я ўжо напрацаваўся. Я ўжо наеўся гэтай прэзідэнцкай долі, і я ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі не таму, што я ўчапіўшыся трымаюся за гэта крэсла пасінелымі пальцамі, я найлепшыя гады свайго жыцця, як і многія з вас, аддаў будаўніцтву гэтай краіны. Як мог, так і будаваў.

У кастрычніку 2020-га, ужо пасля выбараў, цікавіцца, што будзем рабіць без яго:

— Што да прэзідэнта Беларусі, то ён за ўладу пасінелымі рукамі, шмат разоў казаў, не трымаецца. Пытанне не ўва мне, пытанне ў вас: што будзе з вамі без мяне?

2021

У канцы 2021-га, у разгар абмеркавання будучага рэферэндуму, наядаецца не толькі ўладай, але і Канстытуцыяй.

— Грамадства патрабуе пераменаў. Таму нам патрэбная новая Канстытуцыя — не таму, што гэтая Канстытуцыя патрэбная Лукашэнку... Слухайце, Лукашэнка ўжо наеўся гэтых Канстытуцый, улады і ўсяго іншага. Цяпер пытанне не ў Лукашэнку. А пытанне захавання стабільнасці ў нашай краіне.

2025? 2030? 2035?

Настроі цяперашняга дзяржапарату, а за імі і сітуацыя ў Беларусі могуць змяніцца праз тое, што Лукашэнка не збіраецца пакідаць уладу да смерці. Незалежны аналітык Сяргей Чалы лічыць, што ў гэтым намеры Лукашэнка ўмацаваўся пасля падзей у Казахстане. Хоць пасля выбараў 2020 года рыторыка была зусім іншая.

"Лукашэнка не толькі вонкі абяцаў свой сыход — ён жа і ўнутры краіны вялікай колькасці людзей, якія вымушаныя яшчэ заставацца на сваіх працоўных месцах да самага верху, паабяцаў. Гэта было сэнсам вось гэтай здзелкі з д'яблам: "Ну пацярпіце яшчэ там мяне крыху", — казаў ён ім. "Гэты тэрмін дакладна апошні", — расказваў кругластольны дэмакрат, тлумачачы гэтую Канстытуцыю. Мы бачым, што не — ніфіга: яна пра іншае. Яна пра тое, што "Я хачу быць вечным". І ў гэтым праблема: залатая рыбка можа выконваць жаданні да пэўнага толькі моманту, але калі ты захацеў стаць уладаркай марской, тут нешта зламалася — і зноў вярнуўся да карыта".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.