"Надзелі шапку на вочы, пасадзілі ў "Лексус" і павезлі"

"Надзелі шапку на вочы, пасадзілі ў "Лексус" і павезлі"

Раніцай 27 сакавіка палітык, якога трое сутак шукалі ўсёй краінай, нечакана прыехаў дадому ў мінскую Лошыцу на таксоўцы. Ужо праз некалькі гадзін Мікола Статкевіч правёў імправізаваную прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра свае прыгоды.

 

Затрыманне

"Мяне затрымалі на кватэры, якая належыць жонцы майго калегі па партыі. Гэта аднапакаёвая кватэра на вуліцы Лабанка, яна ў стадыі рамонту. Гэты калега прынёс мне прадукты, мы дамаўляліся, як будзем дабірацца да месца збору людзей 25 сакавіка. Пасля ён сышоў, і недзе праз 30 хвілін дзверы пачалі адчыняць. Прычым спрабавалі ключом адчыніць, праварочвалі верхні замок, які быў адкрыты. У мяне не было ключоў ад гэтай кватэры, я закрываўся знутры на ніжні замок. Круцілі, круцілі. А потым фомкай разварушылі гэтыя дзверы. Увайшлі, паказалі пасведчанне супрацоўніка МУС. Паводзілі сябе ціха. Не далі запаліць святло ў пакоі, каб я мог сабраць рэчы. Там няма фіранак на вокнах, і тэарэтычна праз вуліцу з другога дома можна было бачыць... Потым вывелі, надзелі шапку на вочы і пасадзілі ў "Лексус". Завезлі ў СІЗА КДБ".

"Надзелі шапку на вочы, пасадзілі ў "Лексус" і павезлі"
Акцыя 25 сакавіка ў Мінску прайшла без арганізатараў Уладзіміра Някляева і Міколы Статкевіча.

Амерыканка

"У СІЗА былі спробы ціснуць. Я крычаў на калідорах, што я тут. Спрабавалі перашкодзіць займацца фізкультурай падчас прагулак. Трымалі ў адзіночцы. Лямпачку не выключалі, каб я не выспаўся. Вельмі яркае святло. Усе тры ночы не выключалі. Але старога зэка гэтым не напалохаеш. Я сплю ў любых умовах.

Раніцай у суботу я крычаў у калідоры: "Тут Мікалай Статкевіч". Рэакцыі з іншых камер не было. Але людзі звычайна чуюць такое. Павінныя былі пачуць".

 

Дзень Волі

"Я не ведаю, які ў мяне цяпер статус. Быў падазраваным (па той жа справе, што былыя ўдзельнікі "Белага легіёну" — Еўрарадыё). А потым усе паперы (копію пастановы аб завядзенні крымінальнай справы — Еўрарадыё) забралі. І цяпер, як разумею, будуць адмаўляцца ад таго, што мяне там трымалі. Але я сядзеў у 16-й камеры. Падпісваў нават паперу аб тым, што адмаўляюся ад дачы паказанняў... Пасля абеду 25 чысла змяніліся паводзіны персаналу СІЗА. Нейкая няёмкасць у іх з'явілася. Адценні іх настрою лёгка адчуваюцца. Яны не хацелі гэтага паказваць. Нейкая аўра вінаватасці была ў іх. І гэта ў нядзелю працягнулася. А яшчэ ў суботу раніцай былі спробы крычаць на мяне".

 

Адсутнасць сувязі

"Калі мяне затрымалі, я адразу сказаў, што яны абавязаныя паведаміць маёй жонцы. Следчы, капітан, які падпісваўся П.П. Васілеўскі, сказаў, што адправіць паведамленне поштай. Яшчэ там быў яго калега, які сябе не назваў. Ён сказаў, што пазвоніць жонцы "яшчэ сёння". Я падзякаваў. Але потым зразумеў, што могуць і не паведаміць".

"Надзелі шапку на вочы, пасадзілі ў "Лексус" і павезлі"
Мікола Статкевіч у сябе дома праз некалькі гадзін пасля вызвалення.

Вызваленне

"Сёння недзе а палове на сёмую сказалі выходзіць з рэчамі з камеры. Забралі ўсе паперы. Але я запомніў усе даты і прозвішчы. Пастанова аб завядзенні крымінальнай справы была падпісаная генерал-маёрам, першым намеснікам старшыні КДБ П.І. Сергіенкам. У 9.00 21 сакавіка. А Лукашэнка заявіў, што ўсе ўжо арыштаваныя, яшчэ 20 чысла. На дзень раней. Гэта яшчэ раз даказвае, што ўсё ў справу было аформленае пазней.

Мяне вывелі ў двор. Там стаяў мікрааўтобус, маладыя людзі. Высокія, худыя, у масках. Сказалі, што мяне вывозяць для следчых дзеянняў. Я пачаў патрабаваць адабраныя ў мяне дакументы, сказалі, што вернуць іх на месцы. Пасадзілі ў мікрааўтобус паміж двума людзьмі. Шапку на вочы не сталі насоўваць на гэты раз. Але перад намі была занавеска. І збоку таксама. Але сонца ўжо падымалася, і я зарыентаваўся, што выехалі на Партызанскі праспект. Думаў, у Жодзіна вязуць. Але давезлі да пасёлка Сокал, аддалі ў рукі тэчку з маімі рэчамі і з'ехалі. А я ўжо спыніў машыну, спрабаваў датэлефанавацца на мабільны жонкі, папрасіў на прыпынку ў жанчыны. Было ўвесь час занята (тэлефон Марыны Адамовіч раніцай 27 сакавіка ізноў быў заблакаваны — Еўрарадыё). На метро "Магілёўская" сеў на таксі і даехаў дадому... Цяпер КДБ абвяргае тое, што я ў іх быў. Мае прывітанні капітану П. П. Васілеўскаму, К.Л. Ражку і генерал-маёру П.І. Сергіенку".

 

Справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў

"Думаю, што па гэтай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў большасць затрыманых выпусцяць. Я следчаму кажу, што нахапалі людзей, піянерлагер "Зарніца", а вы тут гэтае самае. І ён мне сказаў, што як мінімум некалькі чалавек застанецца. Маўляў, знайшлі ружжы гэтыя паляўнічыя. Хай сабе і зарэгістраваныя ружжы, але ж гэты затрыманы ненармальны.

Не тая сітуацыя цяпер. Думаю, улада будзе шукаць магчымасць захаваць адносіны з Захадам. Інакш Расія прыцісне і размажа".

"Надзелі шапку на вочы, пасадзілі ў "Лексус" і павезлі"
Разгон дэманстрантаў 25 сакавіка стаў самым жорсткім з 2011 году.

Прычыны вызвалення

"Дыялог паміж Беларуссю і Захадам пачаўся фактычна з майго вызвалення (у жніўні 2015 года — Еўрарадыё). І калі мяне зараз пасадзіць, падстава для дыялогу знікне... Калі да мяне ў камеру заходзілі, загадвалі ўстаць, назваць сваё імя, я ім адказваў, што не буду ўставаць. Хто вы такія? У знак непавагі да вашай установы не буду. Мне такой лажы яшчэ ніхто не прад'яўляў. Потым сам следчы на допыце пытаўся ў мяне, як доўга я яшчэ там прабуду. Я кажу яму, што думаю, што нядоўга. Прад'явілі мне, што я з 2011 года з групай нявысветленых асобаў рыхтаваў людзей для масавых беспарадкаў і ўзброенага супраціўлення. Я следчаму кажу: "Я ж у вас быў (у 2011 годзе Мікола Статкевіч знаходзіўся пад вартай — Еўрарадыё)!"

 

Далейшыя пратэсты

"Я думаю, мы павінныя мяняць форму пратэстаў. Калі яны не даюць нам святкаваць нашы святы, збірацца ў нашы святы, мы будзем збірацца ў іхныя святы. Ёсць іншыя даты. Ёсць 1 траўня, ёсць 9 траўня. Дзень перамогі над гітлерызмам... Можна выйсці, ушанаваць памяць дзядоў, якія вызвалілі нас ад гітлераўцаў. Хай ён у гэтыя дні зноў акупуе горад. Хай беларусы пабачаць.

 

Уплыў падзей 25 сакавіка

"25 сакавіка мы паказалі адну важную рэч. Нягледзячы на ўсю вакханалію, нягледзячы на тое, што ад майго імя распаўсюджваліся заявы не хадзіць — людзі пайшлі. Людзі не ходзяць за правадыром і пастухом. Яны выходзяць, бо іх кліча ўласная годнасць. Калі ўлада 25га ўжыла такія метады, то мы, людзі, якія выйшлі, здолелі перашкодзіць павесіць на нас яшчэ некалькі мільярдаў крэдыту. Не думаю, што пасля разгону 25 чысла нехта дасць грошай".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі