Статкевіч прапануе стварыць Беларускі добраахвотніцкі міратворчы корпус
Мікалай Статкевіч
Стварыць з маладых беларускіх эмігрантаў Беларускі добраахвотніцкі міратворчы корпус прапаноўвае Мікалай Статкевіч.
Некалькі дзён таму ён выступіў з вялікім артыкулам, у якім прагназаваў расійскую атаку на краіны Захаду з тэрыторыі Беларусі. Стварыць Беларускі корпус ён прапаноўвае ў якасці меры супрацьдзеяння гэтай пагрозе.
Статкевіч адзначае, што на тэрыторыі Польшчы ў вымушанай эміграцыі знаходзяцца тысячы маладых беларусаў, які прайшлі вайсковую падрыхтоўку. З іх і прапануецца стварыць баявую часць.
"Мы заклікаем еўрапейскія краіны забяспечыць корпус фінансава, таксама баявым рыштункам, узбраеннем і вайсковай (у тым ліку і цяжкой) тэхнікай. Прапануем размясціць корпус каля беларуска-ўкраінскай мяжы, дзе яго задачай будзе недапушчэнне паўторнай агрэсіі супраць Украіны з беларускай тэрыторыі", — піша палітык.
Таксама задачай корпуса ён называе супрацьдзеянне спробам расійскай агрэсіі супраць краін Балтыі з тэрыторыі Беларусі. На думку Статкевіча, вайсковая адзінка, якая будзе пагражаць з тылу, прымусіць расійскіх мілітарыстаў адмовіцца ад сваіх агрэсіўных планаў наконт краін Балтыі.
"Таксама задачай корпуса будзе сілавое змушэнне Масквы да вываду сваёй ядзернай зброі з тэрыторыі Беларусі", — дадае ён.