Вы тут

МУС арганізавала электронную рэгістрацыю замежнікаў

Pixabay.com

МУС разам з Нацыянальным цэнтрам электронных паслуг арганізавала электронную рэгістрацыю замежнікаў і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца ў Беларусі. Пра гэта паведамляе прэс-служба ведамства

Ужо з 2 студзеня замежнікі могуць зарэгістравацца на адзіным партале электронных паслуг portal.gov.by, не звяртаючыся асабіста ў міліцыю. Паведамляецца, што працэдура бясплатная і даступная тым замежнікам, якія прыехалі ў нашу краіну праз пункты пропуску на дзяржаўнай мяжы. 

Для рэгістрацыі трэба будзе стварыць асабісты кабінет на партале, скарыстаўшыся адрасам сваёй электроннай пошты. У асабістым кабінеце ва ўкладцы "Даступныя паслугі" трэба выбраць катэгорыю "Грамадзянства і міграцыя", замовіць адпаведную паслугу (200.12.14.1), запоўніць заяву і адправіць яе. Пасля гэтага карыстальніку прыйдзе паведамленне аб рэгістрацыі на ўказаным адрасе ў Беларусі. Дарэчы, згодна з Падатковым кодэксам замежнікі вызваляюцца ад аплаты дзяржаўнай пошліны за электронную рэгістрацыю праз адзіны партал электронных паслуг.

Зарэгістраваць замежніка можа таксама яго прадстаўнік (iншая асоба) са свайго асабістага кабінета, запоўніўшы заяву з пашпартнымі данымі замежніка.

Пры гэтым замежнік можа зарэгістравацца і асабіста ў падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.

Для падаўжэння тэрміну рэгістрацыі ў Беларусі замежнік павінен асабіста звярнуцца ў міліцыю. 

Замежнікі, якiя прыбылi ў Беларусь праз Расію, павінны для рэгістрацыі звяртацца асабіста ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі.