Для абыходу санкцый Беларусь выкарыстоўвала фірмы, зарэгістраваныя ў Літве

Праграміст, ілюстрацыйнае фота

Праграміст, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Для абыходу санкцый кампаніі, звязаныя з расійскай і беларускай вайсковай прамысловасцю, выкарыстоўваюць фірмы з высокатэхналагічнага сектару Літвы. Летась такая дзейнасць была выяўленая ў літоўскіх кампаніях NTLab і Kosminis Vytis. Пра гэта гаворыцца ў гадавым дакладзе літоўскай разведкі, звярнула ўвагу выданне Delfi.

NTLab і Kosminis Vytis рэпрэзентавалі сябе як літоўскія кампаніі, якія нібыта не маюць сувязяў з мінскім і крамлёўскім рэжымамі. Аднак літоўская назва толькі служыла прыкрыццём.

Згодна з данымі разведкі заснавальнікам бізнес-інфраструктуры NTLab і Kosminis Vytis у Літве быў грамадзянін Беларусі Дзмітрый Чарнякоўскі. Ён кіраваў гэтымі кампаніямі разам са сваімі дзецьмі — сынам Мікалаем і дачкой Дар'яй. Адначасова яны курыравалі падведамасныя ім кампаніі ў Беларусі і Расіі ды падтрымлівалі сувязі з арганізацыямі, звязанымі з расійскай і беларускай вайсковай прамысловасцю, хоць і заяўлялі пра адваротнае.

Мікалай Чарнякоўскі ўзначальваў расійскія кампаніі "Навітрон“ і "Сайнстэх". Таксама пад яго кіраўніцтвам былі беларускія кампаніі "СофтСістэмз", "НавіІС" і "МікраДызайн". Кампаніі групы NTLab у Беларусі і Расіі ўдзельнічалі ў распрацоўцы ваенных праграм, супрацоўнічалі з расійскімі і беларускімі ваенна-прамысловымі прадпрыемствамі — Беларускай ваеннай акадэміяй і навукова-тэхнічным цэнтрам ЛЭМТ, Сколкаўскім Паркам высокіх тэхналогій, расійскім навукова-тэхнічным цэнтрам "Модуль", расійскай кампаніяй "Мікрон" ды іншымі суб'ектамі, большасць з якіх знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі.

Увесну 2025-га літоўская разведка паінфармавала дзяржаўныя ўстановы ды ініцыявала ацэнку дзейнасці кампаній урадавай камісіяй па аб'ектах, якія маюць важнае значэнне для забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

Адзначаецца, што цяпер абедзве названыя кампаніі больш не могуць працягваць сваю дзейнасць у высокатэхналагічным сектары Літвы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.