Мінск абыходзіў санкцыі ЕС праз кампанію, звязаную з экс-прэзідэнтам Кіпра

Кіпр, ілюстрацыйнае фота

Кіпр, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Беларускія фірмы абыходзілі санкцыі Еўрасаюза з дапамогай кампаніі, звязанай з экс-прэзідэнтам Кіпра (2013-2023) Нікасам Анастасіядзісам. У прыватнасці, яе дапамогай карыстаўся Юрый Чыж, які сваім часам лічыўся "гаманцом" Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі Беларускага расследвальніцкага цэнтра (БРЦ).

Сямейная юрыдычная кампанія Анастасіядзіса, як сцвярджаецца, абслугоўвала беларускага бізнесоўца і дапамагала яму абыходзіць санкцыі ЕС, уведзеныя ў сувязі з парушэннямі на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і рэпрэсіямі пасля іх.

Санкцыі прадугледжвалі замарозку эканамічнай актыўнасці кампаній Чыжа ў ЕС. Але, як выявілі ў БРЦ, яго фірма, зарэгістраваная ў ЕС на кампанію-правайдэра сям'і Анастадзіяса, працягвала высылаць і атрымліваць грошы, афармляючы іх, напрыклад, як "адміністрацыйныя выдаткі".

У расследаванні таксама сцвярджаецца, што кампаніі Анастасіядзіса мелі дачыненне да вядомай беларускай схемы рээкспарту расійскага бензіну пад выглядам растваральнікаў у 2011-2012 гадах. У той час беларускія кампаніі пры пастаўках на экспарт афармлялі расійскія бензін і дызельнае паліва як растваральнікі, разбавіцель, біядызель і г.д., каб не плаціць Маскве высокія пошліны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.