Беларуская чыгунка засакрэчвае праблемы з цягнікамі "Штадлер" і PESA

Цягнікі, ілюстрацыйнае фота

Цягнікі, ілюстрацыйнае фота

Пасля шэрагу праблем з электрацягнікамі "Штадлер" і дызель-цягнікамі PESA Беларуская чыгунка вырашыла засакрэціць усю інфармацыю пра іх. Ад супрацоўнікаў запатрабавалі падпісаць пісьмовае абавязанне.

"У дадзеным выпадку чыгуначнікі, якія маюць хоць якое-небудзь дачыненне да згаданага маторвагоннага рухомага складу, у прымусовым парадку пісьмова пакляліся не выдаваць інфармацыю пра яго стан і прычыны няспраўнасцяў, якія мелі месца", — паведамляе Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі.

Чыгуначнікі кажуць, што патрабаванні даходзяць да поўнага абсурду: работнікам БЧ у літаральным сэнсе забараняюць абмяркоўваць ці хаця б згадваць у гутарках з сям'ёй і блізкімі сваю прафесійную дзейнасць і ўсе звязаныя з ёй аспекты і тэмы.

Гэтай зімой з ладу выйшлі спярша польскія дызель-цягнікі PESA, а потым — швейцарскія сямівагонныя электрацягнікі "Штадлер". Нават рамонт не вельмі дапамог, бо "Штадлер" усё адно прыходзіў са спазненнем на гадзіну-паўтары. Прычынамі непаладак у Супольнасці чыгуначнікаў называюць адсутнасць якасных запасных частак і расходных матэрыялаў у выніку міжнародных санкцый.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.