Майстар-клас ад віцэ-прэм'ера: як не адказаць ні на адно з шасці (!) пытанняў

Майстар-клас ад віцэ-прэм'ера: як не адказаць ні на адно з шасці (!) пытанняў

20 снежня ў Авальнай зале парламента справаздачу перад дэпутатамі трымаў віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка. Шмат чаго расказваў. А яшчэ больш… адмовіўся расказваць! Якія сакрэты не захацеў раскрываць народным абраннікам віцэ-прем'ер, скрупулёзна запісала Еўрарадыё.

Транспартам будучыні называе віцэ-прэм’ер айчынныя электробусы. Ёсць да іх цікавасць у Расіі і “ў дзвюх краінах далёкага замежжа”. І тут пачынаецца сакрэтнасць.

Сямашка: “Але паколькі гэта камерцыйная таямніца, то пра тое, дзе, што і па якой цане, я вам не буду гаварыць”.

Далей размова заходзіць пра будаўніцтва “фактычна новага завода “Гродна-Азот”. Тут ізноў сакрэтнасць. Ну, ці паўсакрэтнасць.

“Праект салідны. Не буду называць лічбу, але каля 1 мільярда долараў”, — кажа віцэ-прэм’ер.

Калі на таямнічасць у гэтых пытаннях можна глядзець з усмешкай, то далей размова ідзе пра сур’ёзныя рэчы. Да прыкладу, пра будаўніцтва БелАЭС.

Сямашка: “Тут усе пытанні фінансавыя вырашаныя, вы ведаеце, што мы адкрылі крэдытную лінію ў Расійскай Федэрацыі на 10 мільярдаў долараў. На дастаткова выгадных для Беларусі ўмовах на 28 гадоў з адтэрміноўкай на 7 гадоў. Стаўку не буду называць. Стаўка прымальная, вельмі добрая стаўка”.

Далей — болей: размова ідзе пра кошт расійскага газу.

“Вось у гэтым годзе мы маем кошт 143,6 долара за 1 тысячу кубаметраў па формуле ў прывязцы да Ямала-Нянецкай аўтаномнай акругі. Ну, і плюс падтрымка пэўная бюджэту Рэспублікі Беларусь. Якая — называць не буду таксама. Гэта няхай застанецца паміж Мінфінамі нашых краін”.

Яшчэ віцэ-прэм’ер чамусьці не хоча раскрываць дэпутатам, якая будзе рэнтабельнасць новага цэлюлозна-папяровага камбіната, што будуецца ў Светлагорску.

Сямашка: “Прадукцыя запатрабаваная на рынку, але рэнтабельнасць я не магу назваць — рэнтабельнасць надзвычай высокая”.

Што праўда, не толькі дэпутатам не жадае выдаваць сакрэтную ўрадавую інфармацыю віцэ-прэм’ер. Вось што Уладзімір Сямашка адказвае на пытанне Еўрарадыё пра магчымы рост цаны бензіну ў наступным годзе.

Сямашка: “Будзе павышацца. Мы ж адсочваць тэндэнцыі рынка будзем. Але на колькі падвысіцца — не скажу”.

Такі вось загадкавы і таямнічы ў нас віцэ-прэм’ер.

Фота Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі