"Матолька супраць БТ": юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з’явай

"Матолька супраць БТ": юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з’явай

Першае пасяджэнне па справе "Матолька супраць БТ" прайшло ў другой палове ліпеня, больш за месяц таму. Увесь гэты час прыцягнуты судом па просьбе юрыста БТ эксперт ацэньваў мастацкую вартасць паказаных у эфіры канала "Беларусь 1" фотаздымкаў. Ацаніў, як вядома, моцна негатыўна. Калі дакладней, не ўбачыў мастацкай вартасці ў іх зусім. Антон Матолька разам з адвакатам некалькі тыдняў думаў, што рабіць далей. Прыдумаў, 1 верасня працэс аднаўляецца. Другое паседжанне атрымліваецца не менш захапляльным, чым першае.

"Я хачу даказаць, што забароны на свабоднае выкарыстанне здымкаў Антона Матолькі не было", ― кажа суддзі кіраўнік Аддзела прававой і юрыдычнай працы Белтэлерадыёкампаніі Андрэй Жылінскі. І дае яму раздрукоўку з партала tut.by на 13 старонках. Там артыкул пра паўночнае ззянне і фотаздымкі Матолькі. На думку юрыста БТ, гэта павінна нейкім чынам пераканаць суддзю, што браць здымкі фатографа можна было без дазволу.

"Матолька супраць БТ": юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з’явай

"Я дзве ночы заснуць не мог"

"Фізічных пакутаў я не адчуваў, толькі маральныя... Мяне называлі фатографам, які аддае фотаздымкі БТ. Убачыўшы свае фотаздымкі ў сюжэтах, я адчуў сябе падманутым... У мяне быў стрэс. Я не мог нармальна спаць некалькі сутак".

Выступаюць сам Антон Матолька і яго адвакат Марыя Колесава-Гудзіліна. Фатограф пераводзіць свае прэтэнзіі да БТ у новыя грошы. Атрымліваецца нейкая фантастычная сума памерам у 0,01 капейкі. "Хай на картачку мне перавядуць, я індывідуальны прадпрымальнік, у мяне ёсць рахунак", ― апярэджвае фатограф і блогер здзіўленае пытанне суддзі.

Белтэлерадыёкампанія плаціць не хоча. Яе прадстаўнік Жылінскі цвёрда стаіць на сваім: "Не было там забароны". Вырашаюць спраўдзіць, ці можна браць здымкі, калі няма забароны. Юрыст БТ радуецца і кажа, што зараз проста з закона зачытае адпаведны ўрывак. Пасля чаго дастае тэлефон і пачынае там шукаць патрэбны дакумент. Шукае хвілін пяць. "Можа, вы шукаеце тое, чаго няма?", ― удакладняе суддзя ў Жылінскага. І робіць яму заўвагу. Маўляў, трэба рыхтавацца да працэсу, а не прыходзіць з адным тэлефонам у руках.

Патрэбны дакумент прадстаўнік Белтэлерадыёкампаніі знаходзіць толькі ў матэрыялах справы, якія дае яму суддзя. Знаходзіць, чытае і... толькі яшчэ больш заблытвае справу ― што канкрэтна ён хоча патлумачыць, абсалютна незразумела.

Людзі ў зале паціху ўсміхаюцца. Яны яшчэ не ведаюць, што праз пяць хвілін смех будзе ледзь магчыма стрымаць ― спадар Жылінскі раптам вырашыў усіх пераканаць, што паўночнае ззянне — гэта з'ява... сацыяльнага характару.

 

"Матолька супраць БТ": юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з’явай

Эксперт не прызнаў здымкі Матолькі вынікам творчай дзейнасці

4 жніўня стала вядома, што эксперт Андрэй Чупрынскі не ўбачыў у здымках Антона Матолькі "творчай дзейнасці". Таму ён лічыць, што іск вядомага фатографа і блогера да Белтелерадыёкампаніі "пазбаўленая сэнсу".

― Вы сцвярджаеце, што паўночнае ззянне — гэта з'ява сацыяльнага характару? ― здзіўляецца адвакат Матолькі.

― Так.

― Пад пратакол паўторыце?

― Так. Сацыяльная з'ява грамадскага жыцця.

Навошта юрыст Белтэлерадыёкампаніі Жылінскі настойвае на сацыяльным характары фізічных працэсаў, застаецца таямніцай. Праз некалькі хвілін ён ізноў атрымлівае заўвагу ад суддзі за дрэнную падрыхтоўку да працэсу ― спрабаваў знайсці свае выпіскі з матэрыялаў справы, але не змог. Вяршыняй яго славы становіцца невялікі дыялог з суддзёй:

― У нас на тэлеканале ёсць мастацкі савет. Мы ацанілі здымкі Матолькі і не прызналі іх мастацкім творам. Таму выкарысталі без подпісу.

― А чаму тады потым усё ж падпісалі?

― Гэта была ініцыятыва саміх работнікаў... Неба, вадаём, дрэва. Нічога новага на тых здымках няма.

Пасля юрыста Белтэлерадыёкампаніі Антон Матолька разам са сваім адвакатам пачынаюць катаваць эксперта, які рабіў мастацкую экспертызу "пазычаных" тэлевізійшчыкамі фотадзымкаў. Эксперт Андрэй Чупрынскі трымаецца нашмат больш мужна, чым прадстаўнік БТ. Але стаіць на сваім ― ніякай мастацкай навізны ў фотаздымках Антона Матолькі няма.

"Матолька супраць БТ": юрыст БТ лічыць паўночнае ззянне сацыяльнай з’явай
Фота Антона Матолькі.

Адвакат фатографа спрабуе выбіць глебу з-пад ног у эксперта, крытыкуючы крыніцы, указаныя ў экспертызе. Спачатку яна сцвярджае, што выкарыстаных экспертам вызначэнняў няма ў слоўніку (аказалася, што Чупрынскі меў крыху іншае выданне), потым крытыкуе тое, што Чупрынскі спасылаецца на артыкул з "Вікіпедыі", які кожны можа перапісаць як хоча (гэта аказваецца праўдай, з "Вікіпедыі" Чупрынскі ўзяў азначэнне тэрміна "фотамастацтва"). "Літаратура, на якую эксперт спасылаецца у сваёй экспертызе, супярэчыць яе высновам", ― кажа адвакат Матолькі. І пачынае зачытваць урыўкі з кніг па фотамастацтве. Суддзя Колесаву-Гудзіліну спыняе, пытае, ці мае яна яшчэ нешта спытаць у эксперта па сутнасці справы. Адвакат мае:

― Скажыце, вы карыстаецеся сацсеткамі? (Гэта адвакат пытае ў эксперта Чупрынскага).

― Якое гэта мае дачыненне да справы? (Гэта ўжо суддзя пытаецца ў адваката).

― Высокі суд, 10% яго сяброў у сацсетках з'яўляюцца супрацоўнікамі Белтэлерадыёкампаніі. (Гэта адвакат тлумачыць свае пытанні суддзі).

― Вы маеце сяброў на БТ? (Гэта адвакат яшчэ раз спрабуе высветліць у эксперта Чупрынскага).

Чупрынскі апускае вочы і маўчыць. Суддзя допыт спыняе, пытаецца пра магчымыя хадайніцтвы. Матолька з адвакатам просяць, каб Чупрынскі прывёз некаторыя з кніг, якія выкарыстаў, робячы экспертызу здымкаў. Эксперт не супраць. Суд працягнецца бліжэй да вечара і скончыцца, відаць, не хутка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі