"Я дзве ночы заснуць не мог!" Навошта Матолька судзіцца з БТ

"Я дзве ночы заснуць не мог!" Навошта Матолька судзіцца з БТ

17 сакавіка 2015 года ў беларускім небе адбываецца незвычайнае відовішча — паўночнае ззянне. Пакуль большасць беларусаў назірае за ім ужывую альбо ў інстаграме, вядомы блогер і фатограф Антон Матолька сядае ў свой старэнькі аўтамабіль і едзе ў Вязынку, дзе на фоне векавых дубоў робіць некалькі здымкаў. Робіць, апрацоўвае і выкладае ў свой лайвджорнал, перапосціўшы ў фэйсбук і твітар. А пасля ідзе спаць.

Прачынаецца ад валу каментаў і твітаў. Нехта здымкамі Матолькі захапляецца, іншыя называюць "фатографам БТ", а адзін добры чалавек нават дасылае спасылку на сюжэт тэлеканала "Беларусь 1", дзе на ўвесь экран паказваюць ягоныя здымкі і называюць усё гэта колерамі "беларускага сцяга". Без нейкіх там подпісаў пра аўтарства. Блогер думае некалькі дзён, а потым вырашае ісці ў суд, каб несумленных дзяржаўных журналістаў пакараць. Першае паседжанне адбываецца 9 чэрвеня адразу ў Вярхоўным судзе.

"Я дзве ночы заснуць не мог!" Навошта Матолька судзіцца з БТ

Суд Матолька супраць БТ

Дарэчы, у адказ на скаргу Матолькі старшыня БТ Генадзь Давыдзька заявіў, што фота былі размешчаныя ў адкрытым доступе ў інтэрнэце, таму іх можна было браць без дазволу.

"Фізічных пакутаў я не адчуваў, толькі маральныя... Мяне называлі фатографам, які аддае фотаздымкі БТ. Убачыўшы свае фотаздымкі ў сюжэтах, я адчуў сябе падманутым... У мяне быў стрэс. Я не мог нармальна спаць некалькі сутак", — расказвае Антон Матолька суддзю пра тое, як перажываў учынак супрацоўнікаў Белтэлерадыёкампаніі.

Суддзя ўважліва слухае, задавальняе хадайніцтвы адно за адным, папраўляе блогера і часам нават падказвае яму, што і як правільна рабіць, каб захаваць працэдуру. На лоб вочы ў яго лезуць тады, калі Антон Матолька раптам вырашае падзяліцца сваім стаўленнем да дзяржаўнай сімволікі і патлумачыць ідэалагічныя нюансы справы:

— Я лічу, што мае здымкі выкарысталі ў прапагандысцкіх мэтах.

— Як гэта? Сюжэт быў пра паўночнае ззянне.

— Яны назвалі яго "колераў беларускага сцяга" і праілюстравалі маімі здымкамі.

— І што?

— Як грамадзянін я лічу, што беларускі сцяг — бел-чырвона-белы. А герб — "Пагоня". Выкарыстанне маіх здымкаў для таго, каб даказаць беларускасць афіцыйнага дзяржаўнага, мяне абражае.

— Ммм.. Ну вось у вас пашпарт ёсць беларускі. Там ёсць дзяржаўны герб. Пашпарт вас не абражае?

— Не.

— Чаму?

— Пашпарт — гэта не мой твор. А фотаздымкі былі мае.

 

Устурбаваны такімі шчыраваннямі, суддзя пачынае разгублена гартаць хадайніцтвы, а Матолька раптам заяўляе, што замест 20 мільёнаў кампенсацыі маральнай шкоды, як патрабаваў адпачатку, ён хоча атрымаць ад БТ 1 (адзін) рубель. Вочы суддзі ізноў лезуць на лоб:

 

— Як вы сабе гэта ўяўляеце? Няма ж такога намінала.

— Хай на картку па бязнале перавядуць.

 

"Я дзве ночы заснуць не мог!" Навошта Матолька судзіцца з БТ
Адзін са здымкаў, праз які пачаўся ўвесь халівар. Фота Антона Матолькі.

Пасля гэтага суддзя вырашае пераключыцца на прадстаўніка Белтэлерадыёкампаніі ў асобе юрыста з прозвішчам Жылінскі. Юрыст расказвае, што прэтэнзіі Матолькі БТ не прызнае, плаціць за выкарыстаныя здымкі (блогер хоча 20 базавых — па 10 за штуку) не будзе, а нанясення фатографу маральнай шкоды не бачыць. Жылінскі кажа, што выкарыстанне здымкаў у пазнейшых сюжэтах пазначалі подпісам motolko.com і на сайце сваім пазней падпісалі, калі шум пачаўся. Не паспелі толькі ў першым выпуску, які выйшаў у 12 гадзін наступнага дня 18 сакавіка. Праўда, парушэнняў тут Жылінскі ніякіх не бачыць. У суддзі вочы ізноў на ілбе:

— Патлумачце.

— У дзейнасці Бэлтэлерадыёкампаніі мы кіруемся Указам кіраўніка краіны, які вызначае статут тэлекампаніі.

— І што гэта значыць?

— Там пазначана, што пры асвятленні прыродных з'яваў мы павінныя клапаціцца пра аператыўнасць. Патрабаванні Указа вышэйшыя за Закон аб аўтарскім праве.

У суддзі на секунду займае мову, у зале пачынаецца шоргат, і спадар Жылінскі разумее, што нешта ідзе не так. "Я падаю хадайніцтва аб тым, каб правесці мастацкую экспертызу. Неабходна высветліць, ці з'яўляюцца здымкі Матолькі мастацкімі творамі", — просіць прадстаўнік БТ.

Суддзя хадайніцтва задавольвае, а праз паўгадзіны просіць усіх схадзіць на перапынак. Суд судом, а паабедаць трэба. На ганку Антон Матолька не хавае, што ўся гэтая справа прыносіць яму вялікае задавальненне:

"Ды перамога будзе ў любым выпадку — выйграю я суд альбо прайграю. Сам факт гэтага працэсу — ужо выйгрыш. Спадзяюся, СМІ будуць па магчымасці падрабязна асвятляць гэты працэс. І усе зразумеюць, што трэба пытацца дазволу. Усім, хто прасіў у мяне фотаздымкі, я ніколі не адмаўляў. Калегі пацвердзяць. Я ніколі не адмаўляю. Тут пытанне ў павазе", — гаворыць фатограф.

Чым скончыцца ўся гэтая гісторыя, пакуль прадказаць немагчыма. Але дакладна будзе весела.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі