Лукашэнка пагражае зачыніць прыватныя прадпрыемствы без афіцыйных прафсаюзаў

Лукашэнка пагражае зачыніць прыватныя прадпрыемствы без афіцыйных прафсаюзаў

На ўсіх прыватных прадпрыемствах да канца года трэба стварыць афіцыйныя прафсаюзы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.

"Мы з вамі дамаўляліся, што да канца гэтага года прафсаюзныя арганізацыі будуць створаныя на ўсіх прыватных прадпрыемствах. Гэтае пытанне да канца года павінна быць вырашанае", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

ТГ-канал "Пул Першага" прыводзіць іншую цытату Лукашэнкі: "Калі прыватныя прадпрыемствы да канца года не створаць прафсаюзныя арганізацыі, гэтыя прыватныя прадпрыемствы будуць ліквідаваныя".

Пры этым Лукашэнка заявіў, быццам у афіцыйныя прафсаюзы нікога заганяць не будуць: "Хочаш быць членам прафсаюза — будзь, не хочаш — на здароўе"

Гэтая размова адбываецца ў час, калі на прадпрыемствах работнікі сталі пераходзіць з афіцыйных прафсаюзаў у незалежныя. Прычынай сталі падзеі ў краіне і тое, што кіраўніцтва афіцыйных прафсаюзаў цалкам падтрымала дзейную ўладу.

Таксама Лукашэнка заявіў, што галоўная задача прафсаюзаў — гэта маніторынг цэн на спажывецкім рынку і ў сферы жыллёва-камунальных паслуг.

"Нічога страшнага. Не трэба адразу заяўляць пра тое, што гэта рынак, яшчэ штосьці, дэмакратыя... Убачылі і рынак, і дэмакратыю. Ва ўсіх краінах, не толькі ў Еўропе, але і Амерыка прадэманстравала сваю дэмакратыю. Таму інтарэсы народа, інтарэсы нашых працаўнікоў павінны ляжаць у аснове нашай палітыкі", — заявіў Лукашэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі