Лукашэнка заявіў, быццам не выганяе палітвязняў з Беларусі
Сустрэча вызваленых палітвязняў у Вільні / LookByMedia
Палітвязні пасля вызвалення могуць застацца ў Беларусі, іх ніхто не выганяе з краіны. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго, гэтае пытанне абмяркоўвалася на перамовах з амерыканскім бокам. Таксама ён паведаміў, што Злучаныя Штаты хочуць вызваліць усіх беларускіх палітвязняў.
"Вось, каб вы да іх прэтэнзій не мелі і не дай бог зноў не пасадзілі [просяць перамоўнікі. — Рэд.]. Я кажу: "Пасадзім. Як толькі літару закона пераступілі — як да ўсіх". А што, міністра ўчора ці пазаўчора пасадзілі, а на іх глядзець будзем? Закон для ўсіх адзіны. Парушыў закон — ідзі. Вось такая адкрытая размова. Застацца хочуць — на здароўе. Але ў рамках існуючага прававога поля", — сказаў Лукашэнка.
Паводле інфармацыі "Вясны", з Беларусі былі прымусова дэпартаваныя 189 палітвязняў. У 2025 годзе прайшлі тры хвалі прымусовага вывазу палітвязняў — у Літву і Украіну. Мікалая Статкевіча, які адмовіўся ад дэпартацыі і выйшаў з аўтобуса на мяжы, адразу ж вярнулі зноў за краты. Выпусцілі яго толькі пасля інсульту.
@euroradio.news Лукашэнка ізноў пачаў пагражаць беларусам. Палітвязняў ён нібыта гатовы выпускаць і даваць ім магчымасць заставацца дома, але калі нешта будзе не так — "рэакцыя будзе жэстачайшая, не гледзячы ні на якія законы". Хаця, што на законы глядзець не будуць, ужо даўно не навіна. #беларусь #новостибеларуси #палітвязні #политзаключенныебеларусь #лукашенко ♬ original sound - euroradio.news