Грамадзянскі шлюб пагражае нацыянальнай бяспецы — ідэолагі
Шлюб, ілюстрацыйнае фота
Ідэолагі назвалі грамадзянскі шлюб, бяздзетнасць і "лакшары-жыццё" пагрозамі нацыянальнай бяспецы. Пра гэта гаворыцца ў метадычных матэрыялах, падрыхтаваных НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання для інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія вывучыла выданне "Позірк".
У метадычцы гаворыцца, што "спрошчаныя формы стасункаў (напрыклад, грамадзянскі шлюб, змена партнёраў) могуць зніжаць узровень узаемнай адказнасці, што прыводзіць да росту колькасці разводаў і павелічэння колькасці няпоўных сем’яў".
Ідэолагі кажуць, што такая рэальнасць пужае і "мы не можам яе дапусціць". Яны адкрыта прызнаюць умяшанне дзяржавы ў асабістае жыццё грамадзян: "У Беларусі, нягледзячы на наяўнасць агульнакультурных маральных традыцый, моладзь часам паддаецца ідэям аб шлюбе і дзецях як аб чымсьці неабавязковым і цяжка сумяшчальным з эгацэнтрычным ладам жыцця, папулярным у інфаполі сацсетак. Адным з такіх прыкладаў з’яўляецца ўстаноўка "пажыць для сябе", якая не мае на мэце ўступленне ў шлюб, а разам з тым і нараджэнне дзяцей. Такое становішча спраў не можа заставацца па-за ўвагай з боку дзяржавы, таму гэтае пытанне знаходзіцца ў цэнтры ўвагі".
Раней улады неаднаразова заяўлялі пра жаданне кантраляваць асабістае жыццё беларусаў.
15 красавіка 2026 года Лукашэнка падпісаў закон "Аб змене кодэксаў у пытаннях адміністрацыйнай адказнасці". Ён уводзіць адказнасць за "прапаганду гомасексуальных стасункаў, змены полу, педафіліі і бяздзетнасці".