Кулінковіч: Мы як Бураціна — радуемся і радасць нясем

Еўрарадыё: У апошнія гады ёсць адчуванне, што Neuro Dubel увесь час адзначае свята. У афішах канцэрты гурта часта звязаныя з нейкімі датамі. Вось і сёлета — чарговы юбілей.

Аляксандр Кулінковіч: Калі гурту ўжо так шмат гадоў, то штогод даводзіцца сапраўды нешта адзначаць. Сёлета, вось, Neuro Dubel святкуе 25-годдзе, 20 гадоў стукне альбому "Битва на мотоциклах", які мы лічым важным і культавым. 10 гадоў адзначыць альбом "Tanki" — першы беларускамоўны альбом, першы альбом, запісаны новым складам. Вось ужо 3 даты! Так, кожны год — як свята, кожны месяц — як свята. Мы даволі радасныя людзі, нягледзячы на тое, што знешне падаёмся некалькі змрачнаватымі (усміхаецца).

Еўрарадыё: Натуральна, што да юбілею вы рыхтуеце нешта адмысловае. Але, я так разумею, што чакаць новага альбома не варта?

Аляксандр Кулінковіч: Не. Сёлета мы не будзем нічога выдаваць. Таму што надакучыла. Надакучыла кляпаць новыя песні, якія проста забываюцца. То бок, нам цяпер больш цікава ўздымаць стары матэрыял. І на кожным больш-менш буйным канцэрце, якія мы цяпер граем, а мы іх граем штомесяц, і, я так разумею, што мы, напэўна, адзіны беларускі гурт, які так часта грае, мы ўсоўваем песні, якія даўно не гучалі. Дык вось, я гляджу, што людзі, калі яны чуюць старыя песні, задаволеныя і шчаслівыя. Так, натуральна, усё добра: апошнія альбомы — яны класныя, хітовыя, але некаторыя старыя песні забыліся, яны 15 гадоў не граліся. Вось мы іх цяпер успамінаем, і на кожным канцэрце ўзнаўляем праграму.

Еўрарадыё: Чаму ўзнікла неабходнасць у тым, каб узняць стары матэрыял?

Аляксандр Кулінковіч: Ёсць базавая праграма з 25-ці, напрыклад, песень, якая складаецца з хітоў. А людзі просяць яшчэ нечага. І мы бачым, што тое, што яны просяць, не гралася 10-15 гадоў. Людзі пішуць, што ёсць цікавасць да старых песень, якія мы незаслужана забылі. Паўтаруся, мы іх самі адабралі ў публікі — самі напісалі, і самі адабралі. Памятаю водгук аднаго з дзюбелеўскіх прыхільнікаў на нейкі з нашых альбомаў 15-гадовай даўніны. І ён там апісваў песні: "Гэта такая песня, а гэтая такая. А гэтая — выдатная, але шкада, што "Дзюбелі" яе некалькі разоў сыграюць і забудуць. Той жа лёс чакае і наступную песню". Вось мы хочам узнавіць тое, што было забытае. Яшчэ раз падкрэслю, што гэта не крызіс жанру — новыя рэчы робяцца, але цяпер нам хочацца ўздымаць стары матэрыял. Вельмі цікава назіраць, як гучаць старыя песні ў новым гучанні!

Еўрарадыё: То бок, ёсць пэўны сэт-ліст, які вы ўзнаўляеце?

Аляксандр Кулінковіч: Не! Пакуль яшчэ не — як бабуля на душу пакладзе! Мы рыхтуемся, напрыклад, да канцэрта, а на сайце нехта прапаноўвае сыграць якую-небудзь песню. А мы такія: "О! А гэтую песню можна паспрабаваць зрабіць!". Не ўсё, праўда, атрымоўваецца: ёсць песні, якія ў новым гучанні гурта не гучаць.

Еўрарадыё: А чаму?

Аляксандр Кулінковіч: Хто яго ведае! Па-першае, у нас строй некалькі змяніўся: калі раней мы гралі ў мі, то цяпер граем у рэ. Да таго ж, цяпер карыстаемся іншымі інструментамі. Калі нейкія песні мы пісалі ўдвух з Юрам Навумавым пад драм-машынку "Лель ПСР" на нейкай жахлівай гітары, спявалі ў жахлівы мікрафон, які ішоў у камплекце з бабіннікам, гэта быў адзін гук, у ім была нейкая душа. А калі гэтая ж песня граецца на больш-менш прафесійны лад, яна не гучыць. Яна памерла. Такія песні ёсць, на жаль.

Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць, што песні, якія вы ўзнавіце, у будучыні складуць best і будуць выдадзеныя асобнай пласцінкай?

Аляксандр Кулінковіч: Магчыма, так. Мы ўжо пра гэта думалі. Калі песні загучаць зусім па-іншаму, то мы несумненна выдадзім "бэст". Такі ж падыход у мяне быў у свой час да трыб'юта Neuro Dubel, калі той пісаўся. Калі таленавітыя гурты дасылалі таленавіта зробленыя кампазіцыі, але абсалютна мне не цікавыя. І не цікавыя ў першую чаргу, таму, што яны былі зробленыя адзін у адзін з арыгіналам. А навошта такі трыб'ют патрэбны, калі песні выконваюцца адзін у адзін? Песні трэба пераробліваць! Тое самае тычыцца і новага выканання старой "дзюбелеўскай песні" — калі яна будзе гучаць адзін у адзін, як яна гучала ў 1992-м годзе, то навошта яе перавыдаваць? Ну, будзе лепшай якасць, крыху менш шуму, але не больш за тое. А калі яна зусім па-іншаму загучыць, па-іншаму зазвініць — тады ёсць сэнс выдаваць на нейкім лічбавым носьбіце, каб людзі паслухалі. Як, напрыклад, у нашым апошнім альбоме была песня "Гуси-лебеди". Я лічу, што яна зусім па-іншаму загучала ў параўнанні з версіяй 1991-года. Вось гэта прыклад таго, як песня гучыць па-іншаму. Чаму мы яе ўключылі ў альбом? Таму што людзям цікава было яе паслухаць, я ўпэўнены.

Еўрарадыё: Пра новую пласцінку вы цяпер увогуле не думаеце?

Аляксандр Кулінковіч: Не! У бліжэйшыя год-два не будзем нічога выдаваць. У 2014 годзе, прынамсі, мы плануем быць канцэртным гуртом.

Еўрарадыё: А новыя песні ствараюцца?

Аляксандр Кулінковіч: Так, але пакуль мы іх не выносілі на суд слухача і гледача.

Еўрарадыё: Ці змяніўся спектр тэм, якія вы закраналі ў сваіх песнях 20 гадоў таму і цяпер?

Аляксандр Кулінковіч: Не. Што бачу, што адчуваю — пра тое і спяваю. Пачуцці, якія былі 20 гадоў таму, і тыя, што ёсць цяпер, асабліва не змяніліся. Я некалькі пасталеў, а ў прынцыпе, такі ж дуралей, якім быў 15 гадоў таму.

Еўрарадыё: Калі чалавеку 25 гадоў, ён можа пахваліцца нейкім досведам і надзеяй на тое, што ўсё наперадзе. А што адчувае Neuro Dubel у 25 гадоў?

Аляксандр Кулінковіч: Натуральна, што з'явілася крыху больш досведу, але пры гэтым, як кажа наш бубнач, агонь у задніцы не пагас. І я не бачу асаблівай розніцы паміж тым, што было 25 гадоў таму, і тым, што ёсць цяпер, у плане творчым, у плане нейкага паклікання, нейкага дзеяння на сцэне, напісання песень. Нічога не змянілася. Магчыма, проста стала больш досведу: на нейкія рэчы з боку арганізатараў ці яшчэ некага, на якія я б павёўся 20 гадоў таму, цяпер я не вядуся, таму што ведаю: "хлопцы, ну не смяшыце мае тапачкі!". Досвед — гэта калі я ведаю, дзе што і як будзе рабіцца, гучаць і адбывацца. І калі мне распісваюць нейкія рэчы і абяцаюць залатыя горы, я ўжо выдатна разумею, што залатых гор не будзе. Ці я ўжо ведаю, што залатая горка ўзнікне вось на тым месцы. І зноў жа гэта проста досвед. Досвед жыццёвы, не музычны, жыццёвы, звычайны.

Еўрарадыё: Ці захаваў Neuro Dubel, нягледзячы на свой не малы ўзрост, дух юнацтва?

Аляксандр Кулінковіч: Безумоўна! Мы па-ранейшаму граем панк-рок і, на мой погляд, граем яго весела. Можа быць, ёсць невялікая стомленасць, але зноў жа, гэта справа ўзроставая. Хоць, насамрэч, мне падаецца, што не такая ўжо і вялікая розніца між 25-гадовым і 45-гадовым, але фізічна яна вельмі моцна адчуваецца. Ды хаця б па тым жа спажыванні піва. 3 літры піва ў 20 гадоў на раніцу не адчуваюцца, а ў 40 — так. Але не больш за тое. Нічога ў задоры не змянілася. Агонь ў задніцы не згас.

Еўрарадыё: За гэтыя 25 гадоў ці часта ты прыходзіў да жадання нешта змяніць у гурце?

Аляксандр Кулінковіч: Узнікалі такія жаданні — шмат і часта — але не цяпер, калі камандзе 25. Калі гурту было 15 гадоў, мяне такія думкі пастаянна непакоілі, прычым, думка была адна і тая ж: пара гэта ўсё спыняць. Не рухацца ў іншы бок, а спыняць. А цяпер такіх думак няма нават блізка. Я лічу, што мы рухаемся ў правільным напрамку, я лічу, што ўсё добра, што мы маем пэўную колькасць прыхільнікаў, якія нас любяць і цэняць, мы іх таксама любім і цэнім, усё добра, усё выдатна. Калі ёсць узаемнае каханне, то чаму б шлюбу не працягвацца?

Еўрарадыё: А што цябе тады спыніла перад тым, каб "скончыць" з гуртом?

Аляксандр Кулінковіч: Механізм рок-калектыву — гэта не зусім тое, што ты сам сабе прыдумваеш. Пра цябе кажуць: лідар, фронтмэн, духоўны натхняльнік, генератар ідэй. І такое адчуванне, што нібыта на адным чалавеку ўсё трымаецца. Не. Насамрэч, усё трымаецца не на адным чалавеку. Ёсць калегі па цэху — мае музыкі, з якімі мы разам ствараем песні. І калі я адзін скажу: "Так, нічога не будзе". То ўсё ж гэтыя людзі рухаюцца наперад, і мяне за сабой пацягнуць. Гэта адно. Але галоўнае — гэта публіка. Ёсць пэўная адказнасць перад публікай. Ёсць пэўная адказнасць перад людзьмі, якія нешта табе даверылі. Можа, гэта і высакапарна, але яны насамрэч нешта мне даверылі. Былі такія думкі: "Усё, распадаемся. Толькі трэба планавыя канцэрты адыграць. Вось гэты канцэрт, потым гэты, і яшчэ тут мы некаму абяцалі. І адразу пасля гэтага распадаемся". І вось такіх варыянтаў было штук 15!.. Руціна. У "Сплин" ёсць песня, якую яны ненавідзяць — наконт ""Орбіта" без цукру". І там ёсць выдатная фраза: "Он хотел бы даже повеситься, но институт, экзамены, сессия". Тут тое самае: мы б хацелі таксама павесіцца, але інстытут, экзамены, сесія (смяецца).

Еўрарадыё: Чаму, нягледзячы на адмену т.з. "чорных спісаў", адлігу, вы не даяце вялікіх канцэртаў?

Аляксандр Кулінковіч: Справа ў тым, што свята места пуста не бывае. Усё ж гурт 10 гадоў "тырчаў" глыбока, і гэта на многае паўплывала. Па-першае, адток публікі ўсё ж адбыўся. Вельмі вялікая колькасць людзей пампуе, слухае музыку, але слухае яе дома. То бок, калі 10 гадоў таму сабраць канцэрт у вялікай зале без праблем можна было толькі "цыганскай поштай", то цяпер такое ў прынцыпе немагчыма, і я гэта разумею. То бок, я па нашым сайце бачу, што папулярнасць гурта нікуды не знікла — па спампоўцы, па цікаўнасці да альбомаў. Але вялікі канцэрт мы не можам сабе дазволіць — натуральна, мы не збяром Палац спорту нават блізка. Зноў жа, неякі буйны канцэрт мы не можам сабе дазволіць, бо ў нас штомесяц ёсць дробныя канцэрты (усміхаецца). Каб зладзіць вялікі канцэрт, трэба адмяніць маленькія канцэрты, зрабіць так, каб публіка згаладалася, і ўрубіць вялікі канцэрт, як гэта і робіць большасць гуртоў. Але мы не можам без публікі! Таму невялікія канцэрты па 100-200 чалавек праходзяць у нас пастаянна. Але ў верасні-кастрычніку мы ўсё ж плануем зрабіць вялікі канцэрт, прысвечаны 25-годдзю, вялікі канцэрт, трохгадзінны, у два аддзяленні, на які мы збяром усіх сяброў. То бок, дагэтуль возьмем паўзу на нейкі час — там акурат будзе лета.

Еўрарадыё: Ці няма жадання рушыць у юбілейны тур па гарадах Беларусі, наведаць Барысаў ды Хойнікі?

Аляксандр Кулінковіч: У гурта няма мэнэджара, які мог бы нешта падобнае вырашыць. Мы самі — музыкі, мы выходзім і граем. Калі з'явіцца чалавек, які арганізуе такі тур, то мы не супраць. Мы ж не можам прыехаць у Бабруйск, выйсці на перон і запытаць, дзе тут можа сыграць Neuro Dubel? Патрэбны чалавек, які нас запросіць у Бабруйск, абгаворыць умовы, дамовіцца наконт залы і апаратуры. Але пакуль такога чалавека няма.

Еўрарадыё: 7 лютага вы возьмеце ўдзел у фэсце "Даём рады". Чым збіраецеся парадаваць гледачоў?

Аляксандр Кулінковіч: Мы парадуем тым, што выйдзем на сцэну. Паўтаруся, і буду казаць гэта неаднойчы: для нас у першую чаргу радасць — гэта ўбачыць нашу публіку. Я веру, што для іх радасць — убачыць нас. А так, мы, як звычайна, будзем вясёлымі і бадзёрымі, будзем запальваць. Мы як Бураціна. Таму будзем так жыць далей і будзем так граць 7-га лютага.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі