Вы тут

Кніжкі, на якія беларусы не шкадуюць грошай. 5 паспяховых краўдфандынг-кампаній

Фота: facebook.com/pg/amierykanka

Пасля таго, як Андрусь Горват элегантна сабраў патрэбную суму на выданне кнігі "Радзіва Прудок", краудфандынг у Беларусі стаў "новым чорным". Проста ў гэты момант грошы збіраюцца на зборнікі паэзіі, пераклады, перавыданне класікі. Краўдфандынгам забаўляюцца і сур’ёзныя выдаўцы, і летуценнікі, якія толькі мараць стаць пісьменнікамі.

Еўрарадыё сабрала пяць кніжных краўдфандынг-кампаній, якія мусяць зачапіць кожнага неабыякавага беларуса.

 

"Колер Беларусі" Міхала Анемпадыстава

У кнізе апісаныя сем колераў, якімі “пафарбаваная” беларуская культура: белы, чорны, чырвоны, сіні, шэры, зялёны і залаты. Кожны “энцыклапедычны артыкул” праілюстраваны дзясяткам фота, дзе зафіксаваная прысутнасць колеру ў прыродзе і ў матэрыяльнай культуры.

Аўтарка краўдфандынг-кампаніі на ulej.by Таццяна Вадалажская тлумачыць Еўрарадыё, чаму на гэтую кнігу варта ахвяраваць грошы:

"Гэтая кніга — адна з першых спробаў візуалізаваць каларыстыку беларускай мінуўшчыны і сучаснасці. Гэта адначасова і альбом, і даследванне, і эсэістыка. Кніга вельмі важная і цікавая, мне падаецца, яна ўвогуле ўнікальная і можа быць цікавая даволі шырокаму колу чытачоў".

Ужо сабрана каля 18 тысяч рублёў пры неабходных 13 тысячах 500 рублях. Арганізатары кампаніі ўражаныя тым, што ўжо сабрана больш, чым планавалася:

"Добра ведаючы кнігу, аўтара і яго месца ў культуре, мы разумелі, што кампанія наканавана быць паспяховай. Але ўсё ж такі былі сумнёвы. Вядома, у якім стане знаходзяцца незалежная беларуская культура, мастацтва і кнігавыданне".

Кампанія скончыцца праз два тыдні. Арганізатары абяцаюць, што да лета кніга з'явіцца ў продажы ў кнігарні "Логвінаў" і краме "Акадэмкніга".

 

"Галасы Утопіі" ад Святланы Алексіевіч

Праект "Галасы Утопіі", які складаецца з пяці кніг нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч, будзе ўпершыню выдадзены на беларускай мове без цэнзарскіх правак. Кампанія па зборы сродкаў стала самай маштабнай у гісторыі беларускага краудфандынгу.

Выключна сімвалічны крок выдання Алексіевіч на беларускай, калі планавалася выпусціць усяго 500 камплектаў, ператварыўся ў сур'ёзную народную кампанію з падтрымкай кніжных крам і мецэнатаў.

Кампанія па зборы сродкаў на пяцікніжжа Алексіевіч прынесла ў пяць разоў больш грошай, чым было неабходна! Мэтай была сума ў 40 тысяч рублёў, але па стане на 13 красавіка сабрана ўжо 216 тысяч рублёў. Да канца збору сродкаў застаецца яшчэ сем дзён. Большую частку сумы, 150 тысяч рублёў, пералічыў Белгазпрамбанк. Аднак такая мецэнацкая шчодрасць выклікае пытанні, першае з якіх — навошта пералічваць у чатыры разы больш грошай, чым трэба?

Ініцыятарам і асноўным рухавіком краудфандынгавай кампаніі стала кнігарня "Логвінаў". Па словах выдаўца Ігара Логвінава, у хуткім часе яны плануюць пачаць друкаваць кнігі:

“Мы плануем надрукаваць пяць тысяч камплектаў. Цяпер выбіраем тыпаграфію, якая будзе гэта рабіць, — распавядае Логвінаў. — Кнігі абавязкова трапяць у беларускія бібліятэкі. Займацца іх рассылкай будзе Белгазпрамбанк. Ён “забярэ” надрукаваны наклад і зладзіць туры-прэзентацыі па ўсіх абласцях Беларусі”.

 

"Аповед пра Шакунталу" ад перакладчыка “Рыгведы” Ігара Кулікова

Беларускі паэт Ігар Кулікоў чарговы раз збірае грошы на ўласныя пераклады тэкстаў з санскрыту. У мінулы раз ён краудфандзіў на выданне "Рыгведы" па-беларуску. Таксама ён удзельнічае ў перакладной кампаніі "Амерыканка", для якой пераклаў кнігу Чарльза Букоўскі "Чытво".

"Шакантула" — частка старажытнаіндыйскага эпасу "Махабхарата", і ў той жа час сапраўдны індыйскі серыял. Гэта гісторыя ўзаемнага кахання цара Душ’янты і прыгажуні Шакунталы. Ведыйскі мудрэц накладвае на Шакунталу праклён: каханы забудзе яе, і толькі тады ўзгадае, калі ўбачыць на ёй пярсцёнак, які падарыў. Гэты праклён і складае драматычную завязку сюжэта п'есы. Цар адштурхоўвае каханую. Пасля шэрагу розных перыпетый і кранальных сцэн яму трапляецца на вочы пярсцёнак. Ён узгадвае мінулае і, сустрэўшы Шакунталу, якая паспела тым часам нарадзіць сына, злучаецца з ёй ужо назаўсёды. Пасля такога ўжо не здзіўляешся сюжэту індыйскіх фільмаў — гэта іх культурны код.

Збор сродкаў яшчэ толькі пачаўся, і вы можаце паспрыяць выданню часткі класічнага індуісцкага эпасу па-беларуску.

 

Серыя "Амерыканка"

Гэты праект аб'ядноўвае перакладчыкаў, якія спадзяюцца знайсці грошы на выданне сваіх перакладаў амерыканскай "класікі". Першыя дзве кампаніі па зборы грошай былі не вельмі паспяховымі, і вам за гэта мусіць быць сорамна.

Зразумела, што выклікае сумневы ў патэнцыйных донараў. Навошта перакладаць кнігі, якія ўсе даўно ўжо прачыталі па-руску? Але ў перакладчыкаў ёсць адказ на гэтае пытанне: па-першыя, пераклады на рускую зробленыя з тамтэйшай спецыфікай. А па-другое, пераклады на беларускую могуць банальна апынуцца лепшымі за рускамоўныя адпаведнікі.

Што праўда, застаецца адкрытым пытанне: чаму не перакладаюцца на беларускую мову кнігі, якія не сустрэнеш у нашых крамах на іншых мовах? Сітуацыя нагадвае гісторыю пра "Код да Вінчы" Дэна Браўна. Яго пераклад на беларускую выдалі праз восем гадоў пасля выхаду кнігі, калі ўсе ўжо забыліся і пра яе, і пра аўтара.

Пакуль толькі збор грошай на кнігу Кена Кізі "Палёт над гняздом зязюлі" можна лічыць сапраўды паспяховым. Сабрана 6955 рублёў, пры неабходнай суме ў пяць тысяч рублёў.

Філолагі паб’юць нас, але апошняя спроба выдаць чатыры кнігі “Амерыканкі” ў “кішэнным” варыянце апынулася паспяховы напалову. Было сабрана 49% ад патрэбнай сумы. Грошы збіраліся на выданне чатырох кніг: Чарльз Букоўскі "Чытво", Чак Паланік "Байцоўскі клуб", Курт Ванегут "Бойня №5", Маргарэт Этвуд "Пенелапіяда". Арганізатары абвясцілі, што "Пенелапіяда" ўжо знаходзіцца ў друку, яе выхад запланаваны на канец красавіка. А 19 красавіка пройдзе антуражная прэзентацыя ўжо выдадзенага "Байцоўскага клуба".

 

"Прыпадобніўшыся да насарога" Алеся Анціпенкі

Пакуль Беларускі калегіюм перажывае не лепшыя часы, яго заснавальнікі вырашылі ўзгадаць "залатое дзесяцігоддзе" гэтай навучальнай ініцыятывы. Часы, калі яны выдавалі кнігі і друкавалі часопіс "Паміж".

“Насарог” аднаўляе сэрыю “Бібліятэка “Беларускі калегіюм”. У 2012 –2013 гг. у ёй выйшла 10 кніг вядомых беларускіх інтэлектуалаў. Зборнік спрабуе адказаць на некаторыя вечныя пытанні. Напрыклад: што ёсць мысленне і ці ёсць нешта па-за яго межамі? Што азначае “верыць”? Што такое смерць і чаму мы яе так баімся? Нарэшце, што такое супрэматызм і загадкавыя квадраты Малевіча?

Змест кнігі складаюць таксама пераклады будысцкай “Кхагавісана суты” і класічнага твора “Тао Тэ Чынг” кітайскага містыка Лао Цзы.

Аўтар-складальнік прызнаецца, што ён пазбягаў цмяных разваг і спецыяльнай тэрміналогіі, каб кніга была яснай і зразумелай. Пазбягаў настолькі, наколькі гэта было магчыма ў тэксце пра складаныя філасофскія і рэлігійныя праблемы.