Рукапісы, якія не сталі кнігамі. Зварот старшыні Беларускага ПЭНа

Мноства рукапісаў могуць знікнуць у турмах і калоніях

Мноства рукапісаў могуць знікнуць у турмах і калоніях / LookByMedia

Старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай у эфіры Еўрарадыё ўзняла тэму канфіскаваных рукапісаў.

— Рукапісы, якія не сталі кнігамі, але ўжо былі забароненыя яшчэ на этапе свайго існавання ў выглядзе рукапісаў. Гаворка ідзе пра аповеды былых палітвязняў, якія выйшлі і расказалі пра тое, што іх рукапісы, тое, што яны напісалі падчас зняволення, проста былі адабраныя, украдзеныя і, хутчэй за ўсё, знішчаныя. Пра гэта расказваў і Аляксандр Фядута, і Максім Знак, відаць, і іншыя зняволеныя таксама, — кажа Нядбай.

Паводле яе слоў, Максім Знак працаваў над 22 праектамі.

— Некаторыя з гэтых 22 кніжных праектаў былі скончаныя, некаторыя — не. Адну з іх ён напісаў двойчы: ён напісаў кнігу, а ў яго яе забралі. Калі ён зразумеў, што яе не вернуць — ён напісаў яе нанова, і зноў яе ў яго забралі.

Алесь Бяляцкі таксама напісаў дзве кнігі ў зняволенні.

Мы разумеем, што гэта не толькі рэпрэсіі супраць гэтых канкрэтных людзей, але і рэпрэсіі, фактычна парушэнне культурных правоў усяго нашага грамадства, кожнага з нас. Бо нас такім чынам пазбаўляюць культурнага прадукту, да якога мы павінны мець доступ, — упэўненая старшыня Беларускага ПЭНа.

Таццяна Нядбай звярнулася да работнікаў калоній і турмаў з просьбай захаваць адабраныя ў палітвязняў рукапісы.

— Ёсць невялікая надзея, што знойдзецца нейкі адэкватны чалавек сярод тых, хто гэтыя рукапісы забірае, і нешта ўсё ж такі захавае. І, вядома, мы заўсёды звяртаемся да іх з заклікамі. Не ведаю, ці будуць яны глядзець Еўрарадыё, але раптам будуць.

Калі ласка, калі ў вас ёсць магчымасць, захавайце гэтыя рукапісы, не знішчайце іх. Гэта гераічны ўчынак, які вы можаце зрабіць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.