Караткевіч: Я не веру, што мае паплечнікі — агенты КДБ

Кожныя прэзідэнцкія выбары “радавалі” грамадскасць скандаламі і разборкамі ўнутры апазіцыі. Еўрарадыё вывучае храналогію скандалаў сёлетніх выбараў.

Пунктам адліку трэба лічыць 2013 год, калі апазіцыя падзялілася на два лагеры: “Народны рэферэндум” і “Талаку”. Першыя ад пачатку выступаюць за удзел у прэзідэнцкіх выбарах, другія дыпламатычна кажуць, што для іх важны “не ўдзел у выбарах, а Беларусь без дыктатуры”.

19 кастрычніка 2013 года з “хіміі” вяртаецца сустаршыня БХД Павел Севярынец і адразу ўздымае пытанне адзінага кандыдата ад апазіцыі. Лідары апазіцыі год кансультуюцца, а ў выніку не могуць дамовіцца, як будуць абіраць гэтага адзінага.

8 красавіка Уладзімір Някляеў заяўляе пра выхад з апазіцыі і з кампаніі "Гавары праўду". На гэтым перамовы па адзіным безвынікова завяршаюцца. Ад імя “Народнага рэферэндуму” на выбары ідзе актывістка “ГП” і сябра БСДП (Г) Таццяна Караткевіч. “Талаку” прадстаўляюць лідары АГП Анатоль Лябедзька і “Справядлівага свету” Сяргей Калякін. Пачынаецца збор подпісаў.

Яшчэ да завяршэння гэтага этапу выбачай кампаніі становіцца зразумела: ні Лябедзька, ні Калякін неабходныя 100 тысяч подпісаў не набіраюць. У адрозненне ад Караткевіч. 21 жніўня Сяргей Калякін заяўляе, што не верыць у сабраныя на карысць Караткевіч подпісы, заклікае яе прызнаць гэта і зняцца, а не ісці на “здзелку з уладай”.

Такія ж сумневы выказвае выбарчы штаб Лябедзькі. У сацсетках з’яўляецца інфармацыя нібыта ад імя кіраўніцтва БХД пра спробу прадстаўнікоў Караткевіч набыць у іх падпісныя аркушы з выбараў-2010. Ад асобных апазіцыйных структур чуваць заявы пра неабходнасць праверкі сабраных за Караткевіч подпісаў “незалежнай камісіяй”. Жарсці падагравае старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, яна згадвае Караткевіч добрым словам.

22 жніўня на свабоду па памілаванні выходзіць экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч. І амаль адразу абвінавачвае новага лідара “Гавары праўду”, кіраўніка ініцыятыўнай групы Караткевіч Андрэя Дзмітрыева ў працы на спецслужбы. 28 жніўня яго ў гэтых абвінавачваннях падтрымлівае былы лідар “ГП” Уладзімір Някляеў. І нават ідзе далей: публічна падазрае сваіх былых паплечнікаў з “Гавары праўду” ў супрацоўніцтве з уладамі.

27 жніўня на сайце Руху “За свабоду” з’яўляецца інфармацыя, што незалежная камісія па праверцы подпісаў за Таццяну Караткевіч створаная. Лідзія Ярмошына адразу абвінавачвае сяброў гэтай “камісіі” ў перавышэнні паўнамоцтваў і пагражае пракуратурай. 29 жніўня Сойм Партыі БНФ прымае рашэнне пра выхад партыі з выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч.

Карацей, апазіцыя не толькі наперад плану пачала ўнутраныя разборкі, але і аб’явіла, нарэшце аб’яднаўшыся, сапраўдную вайну Таццяне Караткевіч. Чаму ідуць з апярэджаннем графіку?

Найперш таму, разважае палітолаг Аляксандр Класкоўскі, што два апазіцыйныя лідары, увязаўшыся ў прэзідэнцкую гонку, ужо на першым этапе селі ў галёшу — Лябедзька і Калякін банальна не сабралі 100 тысяч подпісаў. І зараз Караткевіч  мае шанец стаць адной, калі не адзінай, дэмакратычнай кандыдаткай. Крыўдна, з улікам таго, што Калякін у партыйных лідарах 21 год, Лябедзька — амаль 15 гадоў, а Караткевіч — абсалютна новы твар у “вялікай палітыцы”.

Аляксандр Класкоўскі: “Ёсць такая асцярога ў вялікай часткі апазіцыі, што заходнія палітыкі спрабуюць працэс уцягвання рэжыму выбраць замест ранейшага ўціску, што гэтыя палітыкі на Захадзе зробяць стаўку на мяккую апазіцыю. А калі яшчэ на будучых парламенцкіх выбарах хаця б некалькі чалавек з гэтай “гібрыднай апазіцыі”, як яе ўжо называюць, трапяць у парламент, то заходнікі вырашаць, што ім не трэба далей увогуле мець справу з гэтымі, умоўна кажучы, радыкаламі і маргіналамі”.

Няўжо так крыўдна і страшна, што можна не звяртаць увагі на імідж усёй апазіцыі праз гэтыя скандалы і абвінавачанні? А проста “скандалісты” ведаюць, што вялікага рэзанансу ад гэтага не будзе, упэўнены Класкоўскі.

“Усе гэтыя буры ў шклянцы шырокай публіцы абсалютна невядомыя, — супакойвае Класкоўскі. — Ніхто асабліва не будзе лазіць па апазіцыйных сайтах і высвятляць, якія прэтэнзіі выкацілі адны апазіцыянеры да іншых”.

Добра, з “пакрыўджанымі” разабраліся, я што ж са “здраднікамі” — Партыяй БНФ, якая адмовілася далей падтрымліваць Караткевіч праз яе спрэчныя выказванні па нацыянальна важных пытаннях? Як так атрымалася, што на этапе збору подпісаў Караткевіч і яе выказванні не пярэчылі ідэалогіі Партыі БНФ, а потым раптам пачалі? Прычым пасля заяў з боку іншых палітыкаў пра несабраныя подпісы, агентаў і дамову з уладай — супадзенне?

Сумневы былі ад пачатку, сцвярджае старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

“Мы мелі асцярогі, калі прымалі рашэнне пра падтрымку Таццяны Караткевіч, бо любыя яе словы цягнулі і для нас такую ж адказнасць за іх, нібыта гэтыя словы нашы, — тлумачыць Аляксей Янукевіч. — І мы цягам збору подпісаў сачылі за настроямі ўнутры партыі, сярод нашых прыхільнікаў. Пабачылі, што пачынаем страчваць рэпутацыю праз тое, што застаёмся ў кампаніі Таццяны Караткевіч. А рэпутацыя партыі для нас вельмі важная, таму было прынятае такое рашэнне”.

Што да прычын, якія падштурхнулі апазіцыю да разборак, то, кажа Янукевіч, тут апроч крыўды на свой правал з боку Лябедзькі і Каляіна вінаватае і… вызваленне палітвязняў. Гэта прымусіла ізноў вярнуцца да спробы разабрацца ў падзеях 19 снежня 2010 года, што выклікала хвалю абвінавачванняў і падазрэнняў. Найперш — у супрацы са спецслужбамі.

Таццяна Караткевіч сцвярджае, што гэтыя наезды і абвінавачанні яе ў дамоўленасці з уладамі, а яе паплечнікаў — у супрацы са спецслужбамі ніяк не ўплываюць на яе настрой і жаданне працягваць удзел у выбарах. Маўляў, у беларускай апазіцыі такая даўняя забаўка — цкаваць таго, хто мацнейшы. Таму не верыць, што яе найбліжэйшыя паплечнікі — агенты.

“Я не веру гэтым абвінавачванням! Мы з гэтай камандай разам ужо 6 гадоў. І не было ў мяне сумневаў у прынятых рашэннях, у дзейнасці, мы ніколі не падыгрывалі нікому, заўсёды мелі стратэгію і дзейнічалі зладжана ўнутры”.

Караткевіч сцвярджае: усе сабраныя за яе подпісы “чыстыя”, а на выбарах пойдзе да канца. Бо гэтага ад яе нібыта чакаюць яе шматлікія прыхільнікі. І страта падтрымкі Партыі БНФ для яе некрытычная.

Цікава, што, на думку Аляксандра Класкоўскага, крытыка Караткевіч з боку калег можа… пайсці ёй на карысць. “Могуць жа пачаць гаварыць: “Калі нават гэтыя, што хацелі тут Майдан зладзіць, яе крытыкуюць, то гэта добрая апазіцыянерка, з нармальных”, — кажа палітолаг.

Карацей, і гэтыя выбары аказаліся багатымі на скандалы і досыць цікавымі. Вось толькі незразумела: радавацца гэтаму ці не?..

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі