Вы тут

Грошай няма, толькі аблігацыі: даўгі прадпрыемстваў пагражаюць ростам дзярждоўгу

Забраць крэдыты ў дзяржпрадпрыемстваў бывае праблематычна / pexels.com

На дапамогу неэфектыўным прадпрыемствам лішніх грошай няма, таму ўлады спрабуюць схаваць і адкласці іх даўгі на потым. Ігнараванне сістэмных праблем прывядзе да чарговых пошукаў крэдытаў і да рызык для банкаў.

Аналітыкі ЕФСР заявілі, што Беларусь знаходзіцца ў зоне высокіх бюджэтных рызык праз тое, што дзяржава дае гарантыі пад даўгі неэфектыўных дзяржпрадпрыемстваў. Калі некаторыя з іх акажуцца не ў стане іх абслугоўваць, то дзярждоўг моцна павялічыцца.

— Дзяржаўны доўг Беларусі можа павялічыцца ў 2022 годзе амаль да 61% ВУП у параўнанні з прагназаваным у базавым сцэнары узроўнем 46% ВУП, — гаворыцца ў справаздачы ЕАБР.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, як даўгі прадпрыемстваў ціснуць на дзярждоўг і чаму давядзецца зноў шукаць крэдыты.

 

Замест грошай банкі атрымаюць аблігацыі

Вяртанне рэальных грошай банкам пераносіцца / pexels.com

У Беларусі і так праблемы з дзярждоўгам. Бо адсотак, пад які даводзіцца пазычаць, вышэйшы, чым рост эканомікі. Краіна проста не паспявае зарабляць столькі, каб плаціць па даўгах і адсотках без новых запазычанняў. Дадатковыя рызыкі ствараюць даўгі прадпрыемстваў пад гарантыі ўрада.

— Дзяржгарантыі, іх яшчэ называюць абумоўлены доўг, гэта як бы не доўг дзяржавы, але калі прадпрыемствы перастануць абслугоўваць даўгі, на якія былі выдадзеныя дзяржгарантыі, то гэта ператвараецца ў доўг дзяржавы, — расказвае старшы аналітык "Альпары Еўразія" Вадзім Іосуб. — І так не вельмі зразумела, як пагашаць бягучы дзярждоўг. Калі давядзецца плаціць па гарантыях, то стане тым больш незразумела, дзе бюджэту браць сродкі.

Вырашаць праблему ўрад спрабуе "крэатыўнымі" спосабамі. Напрыклад, просіць банкі падоўжыць або змяніць умовы па крэдытах.

— Нядаўна быў цікавы ўказ наконт Банка развіцця і Агенцтва па кіраванні актывамі. Прапануецца ператварыць крэдыты, якія дрэнна абслугоўваюцца, у аблігацыі. Да гэтага гэта быў крэдыт з дзяржгарантыяй, а становіцца аблігацыя на балансе банка. Фармальна гэта ўжо будуць складанасці не дзяржавы, а складанасці банкаў і, адпаведна, складанасці Банка развіцця.

Банк развіцця

Хоць даўгі нікуды не знікаюць, затое адсоўваюцца на некалькі гадоў.

— Больш за тое, у тым жа ўказе прадугледжваецца выпуск новых аблігацый замест старых. То-бок спроба замесці даўгі пад дыван. Гэта можа пагоршыць балансы банкаў, якія гэтыя крэдыты выдавалі. Яны думалі, што даюць грошы на пэўны тэрмін пад гарантыі ўрада. Але замест вяртання па крэдытах яны атрымаюць кучу аблігацый.

Не менавіта зараз, але можа наступіць момант, калі ўкладчык прыходзіць па свой уклад, а яму кажуць: "Выбачайце, у нас грошай няма, у нас толькі аблігацыі Банка развіцця".
 

Знешнія праблемы пагоршаць становішча прадпрыемстваў

Проста надрукаваць грошай, каб закрыць даўгі прадпрыемстваў, таксама не выйдзе.

— Праблема ў тым, што ў прадпрыемстваў асноўная частка даўгоў валютная. І пакуль мы валюту друкаваць не ўмеем, друкарскім станком праблемы дрэнных даўгоў не вырашыць, — працягвае Вадзім Іосуб.

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук адзначае, што прыкмет напампоўвання прадпрыемстваў грашыма не відаць.

— Ідэя растварыць старыя даўгі, гэта значыць дэвізуалізаваць рызыкі для банкаў. Ёсць намеры пераламаць трэнд у бок напампоўвання. Але намер адрозніваецца ад факта. Пакуль крэдыты сціскаюцца. Таму я б гаварыў пра старыя даўгі.

Частку даўгоў БМЗ Мінфін узяў на сябе ў пачатку 2021 года / belsteel.com

Калі даўгі прадпрыемстваў стануць сур'ёзнай праблемай для дзярждоўгу, шмат у чым залежыць ад знешніх умоў.

— Пры пагаршэнні попыту, перш за ўсё знешняга, фінансавыя пазіцыі большасці дзяржпрадпрыемстваў становяцца вельмі слабымі. Перыяд каранавіруса гэта досыць наглядна паказаў. Потым перыяд, які змяніў каранавірус, так званы гандлёвы цуд, гэтыя праблемы змякчыў.

Цяпер аднаўленчы рост на знешніх рынках заканчваецца, значыць, будзе падаць попыт на беларускую прадукцыю і становішча прадпрыемстваў стане цяжэйшым. Акрамя таго, чакаецца, што да пачатку 2022 года пачнуць працаваць еўрапейскія санкцыі.

— Праблема даўгоў прадпрыемстваў яшчэ з 2015 года актуальная. Цяпер у любы момант яна можа абвастрыцца, — кажа Дзмітрый Крук.
 

Схемы атрымаюцца, калі санкцыі не спрацуюць

Пры гэтым нават Мінфін адзначае, што з выплатамі па дзярждоўгу могуць паўстаць праблемы. Асабліва да 2023 года, калі прыйдзе тэрмін плаціць па еўрабондах. Значыць, рэсурсаў на падтрымку неэфектыўных будзе яшчэ менш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.