Вы тут

“Чэлсі” і “Арсенал” могуць не сустрэцца ў Баку ў фінале Лігі Еўропы

gooool.org

Міжнародная арганізацыя Amnesty International раскрытыкавала УЕФА за рашэнне правесці ў Баку фінал Лігі Еўропы, піша JAMnews.

"Нельга дазваляць Азербайджану адмыць спортам яго жудасную рэпутацыю ў галіне правоў чалавека", — гаворыцца ў звароце Amnesty International.

Фінальны матч Лігі Еўропы мае адбыцца ў Баку 29 траўня. Падчас яго сустрэнуцца англійскія футбольныя каманды "Чэлсі" і "Арсенал".

Amnesty International, як і іншыя праваабарончыя арганізацыі, рэгулярна крытыкуе Азербайджан за парушэнне правоў чалавека. Таксама Amnesty неаднаразова патрабавала ва ўрада краіны вызваліць палітычных зняволеных. У апублікаваным нядаўна індэксе свабоды слова, складзеным міжнароднай арганізацыяй "Рэпарцёры без межаў", Азербайджан заняў 166 месца з 179.

Незапатрабаваныя квіткі і іншыя падставы для незадаволенасці

"Арсенал" незадаволены тым, што ў Баку не зможа прыехаць адзін з гульцоў каманды Генрых Мхітаран, армянін па паходжанні. Паколькі паміж Азербайджанам і Арменіяй існуе палітычны канфлікт, Мхітаран, нягледзячы на ​​гарантыі азербайджанскага боку, не ўпэўнены, што ў Баку яму нічога не пагражае.

Акрамя таго, "Чэлсі" і "Арсенал" збіраюцца вярнуць Азербайджану больш за палову выдзеленых ім квіткоў на фінальную гульню, таму што не могуць іх прадаць: ляцець у Баку доўга і дорага, складана рабіць візу, а матч пачынаецца ў 23:00 па мясцовым часе.