Чаргінец: Што Мінкульт за дзяржорган, калі сам не можа ўзнагародзіць Алексіевіч?

Чаргінец: Што Мінкульт за дзяржорган, калі сам не можа ўзнагародзіць Алексіевіч?

Выступіць з ініцыятывай аб наданні лаўрэату Нобелеўскай прэміі па літаратуры 2015 Святлане Алексіевіч якога-небудзь ганаровага звання ў Беларусі мусяць самі пісьменнікі. Або Саюз пісьменнікаў Беларусі, узначалены Мікалаем Чаргінцом, або Саюз беларускіх пісьменнікаў на чале з Барысам Пятровічам. Міністэрства культуры не збіраецца выступаць з такой ініцыятывай, але гатовае разгледзець прапановы з боку вышэйназваных арганізацый.

З такой заявай выступіў намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік. Але, па словах старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалая Чаргінца, іх грамадская арганізацыя з такой ініцыятывай выступаць не можа, бо Святлана Алексіевіч не з’яўляецца сябрам іх Саюза. Адначасова суразмоўца Еўрарадыё здзіўляецца заяве Васіля Чэрніка:

Мікалай Чаргінец: “Што гэта за дзяржаўны орган, які сам не можа ініцыяваць (наданне Святлане Алексіевіч ганаровага звання. — Еўрарадыё)? Вы міністэрства — орган, які ажыццяўляе палітыку дзяржавы ў галіне культуры. Вось і сыходзьце з гэтага — вырашайце! Ну, рэальна — трэба ж самім разбірацца, чаго яны на іншых ківаюць? бо калі Саюз некага на ўзнагароды прапануе, то гэта куды? Усё адно ў міністэрства ідзе, без іх нічога не вырашаецца ў гэтым плане. А яны дзяржаўны орган, яны могуць з намі і не раіцца: любога прадставіць да ўзнагароды, і ўсё”.

Што да асабістага меркавання, то Чаргінец не лічыць кнігі Алексіевіч вартымі нейкай дзяржаўнай узнагароды накшталт “Герой Беларусі” ці “Народны пісьменнік Беларусі”.

Мікалай Чаргінец: “Яе кнігі: і “Цынкавыя хлопчыкі”, і “У вайны не жаночае аблічча”, і іншыя — я ўсё ж не цягну іх на вялікую ўзнагароду. З улікам таго, што Нобелеўская прэмія, можна было чымсьці адзначыць. Ну, адзначыў прэзідэнт, павіншаваўшы яе цёпла з гэтай узнагародай. А далей — справа тых, хто вырашае гэтыя пытанні”.

У сваю чаргу, у недзяржаўным Саюзе беларускіх пісьменнікаў кажуць, што для таго, каб арганізацыя выступіла з такой ініцыятывай трэба спярша сабраць Раду. Толькі гэты орган можа выступаць ад імя арганізацыі.

Фота: http://naviny.by/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі