Белгідрамет: Пажар у чарнобыльскай зоне не змяніў радыяцыйны фон у Беларусі
![Белгідрамет: Пажар у чарнобыльскай зоне не змяніў радыяцыйны фон у Беларусі](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/hermian4uk-3006.jpg.webp?itok=MU8Drj-K)
У Беларусі радыяцыйны фон у сувязі з пажарам у чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны не змяніўся. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла першая намесніца начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Марыя Гермянчук.
Пра лясны пажар у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС стала вядома ўвечары 29 чэрвеня. Яго плошча склала 25 га.
"Нам паступіла інфармацыя, што ў чарнобыльскай зоне на тэрыторыі Украіны адбылося ўзгаранне ў экасістэме. Напрамак пераносу — на ўсход. На тэрыторыі Беларусі ў Гомельскай вобласці сістэма радыяцыйнага маніторынгу працуе ў штатным рэжыме, праводзіць вымярэння магутнасці дозы гама-выпраменьвання. Перавышэнняў пакуль не выяўлена", — распавяла Гемянчук.
Па яе словах, беларускія спецыялісты дадаткова кожныя тры гадзіны ладзяць вымярэнні на прылеглых метэастанцыях, і там перавышэнняў таксама пакуль не выяўлена. Таксама метэаролагі бяруць дадатковыя пробы атмасфернага паветра.