Беларускія флэшбэкі: як апазіцыя змагалася з расійскай ядзеркай 30 гадоў таму

Пікет супраць ваеннага саюзу з Расіяй, 1993 / калаж Еўрарадыё
Пікет супраць ваеннага саюзу з Расіяй, 1993 / калаж Еўрарадыё

Калі верыць Пуціну, у Беларусі ўжо з'явіліся расійскія ядзерныя ракеты. Пакуль ябацькі радуюцца, у апазіцыі думаюць пра наступствы гэтага кроку. І, па сутнасці, паўтараюць аргументы, якія гучалі з беларускіх трыбунаў 30 гадоў таму — калі савецкую ядзерку з Беларусі яшчэ нават не паспелі вывесці.

 

А як да гэтага паставіцца Украіна?

Увесну 1993-га дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі абмяркоўвалі, ці ўступаць у нядаўна створаную Масквой Арганізацыю Дамовы аб калектыўнай бяспецы. Адначасова ішлі дэбаты наконт статусу Беларусі як бяз’ядзернай краіны, зацверджанага ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990-м. Праца над вывазам савецкай ядзернай зброі з тэрыторыі краіны ўжо распачалася, але ўсе боегалоўкі яшчэ былі на месцах.

Здагадайцеся, хто выступаў за ўступленне ў АДКБ і за захаванне ядзернай зброі. І калі першую спрэчку апазіцыя прайграла (31 снежня 1993 года Беларусь далучылася да арганізацыі), дык аргументы супраць адмовы ад бяз’ядзернага статусу спрацавалі.

"Паглядзім на геапалітычную сітуацыю. Уявім, што Беларусь адмовілася ад нейтралітэту і заключыла ваенную дамову з Расіяй. А як да гэтага паставіцца Украіна? А як паставяцца нашыя суседзі? Можа, незразумела, які ўсталюецца рэжым на межах з імі? Можа, незразумела, з якога моманту пачнецца інкарпарацыя тэрыторыі Беларусі ў сферу палітычнага распараджэння Расіі? Мы станем тэрыторыяй супрацьстаяння", — папярэджваў з трыбуны Вярхоўнага Савета 8 красавіка 1993-га дэпутат Зянон Пазняк.

Карыкатуры 1993-га супраць АДКБ
Карыкатуры таго часу за аўтарствам Кастуся Кіпеня

Знікненне нейтралітэту і бяз’ядзернага статусу краіны Пазняк ахарактарызаваў тады так: "Гэта сапраўды змова, змова супраць Беларусі".

 

Толькі паспрабаваўшы стаць незалежнаю, дзяржава адмаўляецца ад незалежнасці

У той жа дзень дэпутат Валянцін Голубеў нагадаў з трыбуны пра артыкул 10 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце: "Рэспубліка Беларусь ставіць мэтай зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а Рэспубліку — нейтральнай дзяржавай". І выказаўся за паслядоўнасць у знешняй палітыцы.

"Пасля таго як мы заявілі на ўвесь свет, што мы будзем нейтральнай і бяз’ядзернай дзяржавай, зараз нам рабіць іншы крок — значыць прывесці толькі да аднаго: увесь свет зразумее непрадказальнасць палітыкі Рэспублікі Беларусь, увесь свет зразумее, што гэтая дзяржава, толькі паспрабаваўшы стаць незалежнаю, зноў адмаўляецца ад сваёй незалежнасці і падпадае пад уплыў іншай, моцнай у вайсковым сэнсе дзяржавы".

Беларускія флэшбэкі: як апазіцыя змагалася з расійскай ядзеркай 30 гадоў таму
Подпісы дэпутатаў за рэферэндум, аўтограф Лукашэнкі — пад нумарам 52 / Сяргей Навумчык, "1993"

З мэтай дамагчыся рэферэндуму збіраліся подпісы, сярод якіх ёсць і подпіс на той момант дэпутата Аляксандра Лукашэнкі. Але правесці рэферэндум не атрымалася: напрыканцы 1993-га Беларусь афіцыйна далучылася да АДКБ. Гэта не спыніла вывад ядзернай зброі, але зрабіла нашу краіну саюзніцай Расіі. І ўскосна стала адной з прычын таго, што ў 2023-м ядзерная зброя вярнулася ў Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі