Вы тут

Беларускі мастак зрабіў пяціметровую "дошку гонару" з "пакаяльнымі" відэа

Дошка з "пакаяльнымі відэа" беларусаў

Мастак Глеб Бурнашаў размясціў пакаяльныя відэа беларусаў на падабенстве афіцыйнай дошкі гонару. Свой праект ён назваў "Рытуал віны і сораму Рэспублікі", піша найстарэйшае беларускае выданне.

Дошка мае пяць метраў у даўжыню і тры метры ў вышыню. Гэта інсталяцыя з будаўнічых матэрыялаў і тэлевізараў, на якіх прайграецца відэа. Ролікі ўключаюцца паралельна, таму немагчыма разабраць, што кажа той ці іншы чалавек.

У размове з журналістамі хлопец расказаў, што стаў архіваваць "пакаяльныя" відэа, якія публікуюць сілавікі і прапаганда, каб яны не зніклі і ніхто не змог адмахнуцца ад гэтага факта. "Акурат падчас архівавання відэа ў мяне нарадзілася ідэя "Дошкі гонару", — дадае мастак.

Праца над праектам цягнулася з восені 2021-га па травень 2022 года. 

Глеб кажа, што некаторых герояў ролікаў ведае асабіста і яму не па сабе, што ім прыйшлося перажыць гэты агідны досвед.

"Я магу зразумець такія паводзіны ва ўмовах ваеннага часу (разумець, канечне, не значыць прымаць ці ўхваляць). Але тое, што гэта адбываецца ў "мірнай" Беларусі ў 2020-2022 гадах — гэта агідна. Тут, шчыра кажучы, складана падабраць такое гадкае і непрыгожае слова, якое б змагло апісаць гэты прэцэдэнт", — заяўляе мастак. 

Інсталяцыя ўжо дэманстравалася на фестывалі "Месяц фатаграфіі" ў Кракаве. Наступным разам жыўцом праект можна будзе пабачыць ўвосень у Варшаве ў Promocyjna Gallery, што месціцца ў Staromiejski Dom Kultury (у межах выставы "Найвышэйшая форма мастацтва"). Даты ўдакладняюцца.

Дарэчы, Бурнашаў таксама аўтар праекта "Партрэт пратэстоўцаў№, створанага з 8300 здымкаў твараў удзельнікаў беларускіх пратэстаў.

Дошка з "пакаяльнымі відэа" беларусаў
Дошка з "пакаяльнымі відэа" беларусаў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.