Бага заявіў, што хоча з БАТЭ дамагацца "самых сур'ёзных вынікаў"

Бага заявіў, што хоча з БАТЭ дамагацца "самых сур'ёзных вынікаў"

Выканаўца абавязкаў галоўнага трэнера ФК БАТЭ Аляксей Бага пракаментаваў сваё прызначэнне. Пра звальненне Алега Дулуба стала вядома ў нядзелю, а ў панядзелак з'явілася навіна пра Багу. Яму 37 гадоў, у трэнерскім штабе барысаўчан — з 2011-га. У камандзе гуляе малодшы брат Аляксея Дзмітрый Бага.

"Цяпер трэба зрабіць усё магчымае, каб БАТЭ працягваў заставацца лідарам беларускага футболу і дасягнуў пастаўленых мэтаў як у чэмпіянаце краіны, так і ў еўракубках", цытуе словы Аляксея Багі прэс-служба клуба.

Выканаўца галоўнага трэнера з аптымізмам глядзіць у будучыню, абяцаў зрабіць усё магчымае, "каб апраўдаць давер". Бага адзначае, што ў БАТЭ яму давялося папрацаваць "з многімі класнымі спецыялістамі" і гэты вопыт дапаможа яму "у самастойнай працы".

Аляксей Бага адзначае, што БАТЭ ў далейшым мусіць дамагацца "самых сур'ёзных вынікаў". Гэтага хочуць і кіраўніцтва клуба, і трэнеры, і гульцы, і заўзятары.

Дагэтуль у ФК БАТЭ былі пяць трэнераў: Юрый Пунтус (1996-2004), Ігар Крывушэнка (2005-2007), Віктар Ганчарэнка (2008-2013), Аляксандр Ермаковіч (2013-2018) і Алег Дулуб (2018). Толькі Дулуб з камандай не выйграў ніводнага тытула. Сёлета БАТЭ прайграў брэсцкаму "Дынама" і Суперкубак, і Кубак Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі